На судовым паседжаньні па справе продажу будынку, які належыць пратэстанцкай суполцы "Новае жыцьцё", рашэньне прынятае не было
16 траўня ў Менскім гаспадарчым судзе праходзіла судовае паседжаньне па зыску Менгарвыканкаму да пратэстанцкай суполкі "Новае жыццё". Чыноўнікі намагаюцца прымусіць вернікаў прадаць гарадзкім уладам свой храм. Будынак плошчай 1600 квадратных мэтраў яны ацанілі ў 17 000 даляраў. Прыкладна столькі каштуе ў сталіцы маленькі пакой у камунальнай кватэры.
Гэта ўжо другое судовае паседжаньне. Першае адбылося тры тыдні таму. Тады судзьдзя запатрабаваў, каб чыноўнікі прынесьлі на судовае паседжаньне план забудовы.
Непрыемнасьці ў вернікаў пачаліся летась у жніўні. Спачатку гарадзкія ўлады пазбавілі вернікаў зямельнага надзелу, на якім месьціцца будынак (былы калгасны кароўнік), а потым пачаліся суды над пастарам і адміністратарам царквы за правядзеньні несанкцыянаваных уладамі набажэнстваў.
Вернікі ладзілі сутачныя дзяжурствы, каб абараняць свой будынак. Чыноўнікі Менгарвыканкаму ў судзе спаслаліся на тое, што будынак (былы калгасны кароўнік) нібыта перашкаджае будоўлі ў мікрараёне Сухарава. Але ў судзе так і не прадставілі плану забудовы.
16 траўня суд чарговы раз ня здолеў прыняць рашэньня ў гэтай справе. З патрабаваньня юрыста царквы Сяргея Луканіна прадстаўнікі Менгарвыканкаму прынесьлі ў Менскі гаспадарчы суд план будаўніцтва, але самі прызналіся ў тым, што прыняты ён з парушэньнямі. У выніку двухгадзіннага разьбіральніцтва судзьдзя прыняў рашэньне даць час прадстаўнікам Менгарвыканкаму для падрыхтоўкі ўсіх неабходных дакумэнтаў і афармленьня іх належным чынам.
Сяргей Луканін, юрыст царквы "Новае жыцьцё" сказаў Радыё Свабодзе: "Менгарвыканкам не прынёс ніякага афіцыйнага дакумэнту пра тое, як будзе весьціся будоўля на тэрыторыі мікрараёну Сухарава. Усе прынесеныя дакумэнты яны самі ж і паставілі пад сумнеў".
Прадстаўнікі Менгарвыканкаму адмовіліся даць камэнтар Радыё Свабода.
Пастар царквы Вячаслаў Ганчарэнка лічыць, што судовыя працэсы ініцыяваны ўладамі з мэтай ліквідацыі суполкі: "Менгарвыканкам намагаецца расправіцца з нашай царквой. Яны пачалі гэта летась у жніўні й працягваюць свой "праект". Спрабуюць адабраць наш будынак. Бо гэта — адзіная зачэпка. Калі нас пазбавяць нашай маёмасьці, адбяруць будынак, то нам не застанецца нічога іншага, як стаць на ганку Менгарвыканкаму й там праводзіць набажэнства".
Адміністратар царквы Васіль Юрэвіч заявіў, што вернікі добраахвотна будынку не аддадуць: "Мы ведаем, што ўлады будуць спрабаваць адабраць наш будынак. Але ў нас там штодня ідуць набажэнствы, наладжаны кругласуткавыя дзяжурствы. У нас там увесь час знаходзяцца людзі, якія маюць мабільныя тэлефоны. Уся царква гатова, атрымаўшы сыгнал ад гэтых людзей, у любы момант прыехаць да нашага будынку і бараніць яго".
Улады дэ-юрэ зьліквідавалі тры пратэстанцкія суполкі — на той падставе, што юрыдычны адрас не адпавядаў нормам новага Жыльлёвага кодэксу: суполкі былі зарэгістраваны на кватэрах пастараў. Вернікі суполкі "Новае жыцьцё" маюць свой уласны будынак. У выніку гэтай страты царкву чакае ліквідацыя.
Наступнае паседжаньне ў справе прымусовага продажу будынку запланавана на пачатак чэрвеня.