Старшыня БАЖ пракаментавала затрыманні і збіццё журналістаў
Старшыня грамадскага аб'яднання "Беларуская асацыяцыя журналістаў" Жанна Літвіна пракаментавала прэс-службе БАЖ гвалтоўныя дзеянні ў дачыненні да беларускіх і замежных журналістаў, якія асвятлялі "маўклівую" акцыю ў Мінску і іншых гарадах Беларусі, увечары 29 чэрвеня:
«Пасля гвалтоўнага умяшальніцтва ў дзейнасць журналістаў падчас акцыі 22 чэрвеня БАЖ звярнуўся да Міністра ўнутраных справаў Анатоля Куляшова з патрабаваннем правесці службовае разбіральніцтва па фактах парушэння правоў журналістаў, вызначыць вінаватых, прынесці прабачэння пацярпелым журналістам.
Сёння ў чарговы раз прадстаўнікі сілавых структураў прадэманстравалі не толькі грубае умяшальніцтва ў дзейнасць журналістаў, але і ігнараванне Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, беларускага заканадаўства ў галіне СМІ, згодна з якімі журналісты маюць права „прысутнічаць на массавых мерапрыемствах, у месцах грамадска важных падзей і перадаваць адтуль інфармацыю“.
Такія дзеянні „сілавікоў“ не надаюць павагі ўладным структурам, яны могуць толькі справакаваць настрой канфрантацыі ў грамадстве, спрыяць распальванню непаразумення і варожасці».
Нагадаем, што па апошніх звесткаў увечары 29 чэрвеня ў Мінску і Брэсце было затрымана 13 журналістаў, збіта 3 (сярод іх - два замежных рэпарцёра), пашкоджана, як мінімум, тры адзінкі прафесійнай тэхнікі.