6 траўня суддзя Жыткавіцкага раённага суда Ганна Бабенка адмяніла рашэнне адміністратыўнай камісіі райвыканкама аб спагнанні з рэдактара газеты "Вольныя навіны" (наклад - 299 ас.), сябра АГП Міхаіла Козела штрафу ў памеры 62 тысячы рублёў
Міхаіл Козел выпусціў малафарматную газету "Вольныя навіны", у якой апублікаваў віншаванне мясцоваму начальству наступнага зместу: "Шчыра віншую старшыню Жыткавіцкага райвыканкама Пятра Савіцкага, намесніка старшыні Уладзіміра Гулюту і начальніка ідэалагічнага аддзелу Ігара Нікіфарава з аднаўленнем выхаду мясцовай незалежнай газеты "Вольныя навіны".
Раённае начальства ўгледзела в гэтым знявагу. Адпаведныя заявы ў адміністратыўную камісію райвыканкама падалі У. Гулюта і І. Нікіфараў. Камісія палічыла, што рэдактар "Вольных навін" парушыў арт. 172 ч.3 КоАП тым, што "у снежні 2005 г. вырабіў з парушэннем устаноўленага парадку друкаваныя выданні, змест якіх нанес маральныя страты і знявагі як чалавека і адказнай асобы Гулюту У. і Нікіфараву І.".
Міхаіл Козел аспрэчыў у судзе рашэнне раённай камісіі, патлумачыўшы, што ва ўказанай частцы КоАП гаворка ідзе пра выпускныя звесткі і змест друкаваных выданняў, накіраваных на нанясенне шкоды дзяржаўнаму і грамадскаму парадку, правам і законным інтарэсам грамадзян. Яго ж газета, вырабленая накладам 299 асобнікаў, мела выходныя звесткі, і віншаванні адказным асобам ніяк не маглі нанесці ім маральнага ўрону.
Адбылося тры паседжанні суда. Старшыня адміністратыўнай камісіі райвыканкаму Мікалай Кошман у судзе заявіў, што не з'яўляецца спецыялістам у галіне заканадаўства аб СМІ. Начальнік ідэалагічнага адзелу Нікіфараў заявіў, што як дзяржслужбовец ён лічыць для сябе зневажальным віншаванне, змешчанае на адной старонцы з прозвішчам апазіцыйнага кандыдата ў прэзідэнты. Намеснік старшыні райвыканкаму Гулюта патлумачыў, што асабіста ён зняважаны ў сувязі са згадкай сваёй пасады.
Узважыўшы довады бакоў, суддзя Бабенка прызнала неабгрунтаваным рашэнне раённай адміністратыўнай камісіі. Пакуль невядома, ці будзе камісія шукаць новых аргументаў, каб пакараць рэдактара, паведаміла прэс-служба БАЖ.