Гомельская Вясна будзе абараняць ахвяр народнай рэвалюцыі
Стала вядома пра пераслед чарговага ўдзельніка гомельскай Плошчы. Капітан міліцыі Цэнтральнага РАУС Гомеля Раман Сагаль склаў супраць Руслана Чуешкова два адміністрацыйныя пратаколы, згодна з якіх малады чалавек абвінавачваецца ў непадпарадкаванні законным патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і парушэнні парадку правядзення масавых мерапрыемстваў.
На прыёме ў праваабаронцы Леаніда Судаленкі Руслан Чуяшкоў распавёў, што заступіўся за дзяўчыну, якую супрацоўнікі міліцыі груба выштурхалі з Плошчы ім. У. Леніна ў Гомелі. Паводзіны маладога гамяльчаніна было расцэнена як непадпарадкаванне патрабаванням супрацоўнікаў міліцыі і хлопца даставілі ў мясцовае РАУС.
У аддзяленні супраць Руслана склалі яшчэ адны пратакол. Ужо назаўтра, яму на працы былі пастаўленыя ўмовы - або звальняецца па ўласным жаданні ці звольнім па «артыкуле». Хлопец працаваў пажарным ў раённым аддзяленні МНС і падаў заяву на звальненне з працы па асабістаму жаданню.
Гомельскі праваабаронца Леанід Судаленка мяркуе, што ў дадзеным выпадку супрацоўнікі міліцыі “за вушы” прыцягваюць артыкул аб парушэнні з боку Руслана Чуяшкова закона “Аб масавых мерапрыемствах”:
- у нашай краіне дзейнічае адзіны Закон, які ўстанаўлівае парадак арганізацыі і правядзення масавых мерапрыемстваў, які пад масавым мерапрыемствам разумее сход, мітынг, вулічнае шэсце, дэманстрацыю, пікетаванне і іншыя масавыя мерапрыемствы.
- Літаральны аналіз нормаў Закона дазваляе прыйсьці да адназначнай высновы - грамадзяне якія стаяць моўчкі не могуць з’яўляцца ўдзельнікамі масавага мерапрыемства, паколькі яны не абмяркоўваюць публічна пытанні, якія закранаюць іх інтарэсы (сход), не абмяркоўваюць і не выказваюць свайго стаўлення да дзеянняў асоб і арганізацый, роўна як і падзей грамадска-палітычнага жыцця (мітынг), не арганізоўваюць масавага руху груп грамадзян па вуліцах у мэтах прыцягнення ўвагi да якiх-небудзь праблемах (вулічнае шэсце), ня арганізоўваюць масавага руху груп грамадзян з выкарыстаннем плакатаў, транспарантаў i iншых сродкаў (дэманстрацыя), не выказваюць публічна грамадска-палітычных, групавых, асабістых і іншых інтарэсаў (пікетаванне).
Што тычыцца другога артыкулу, па якім выстаўлена абвінавачванне маладому гамельчуку праваабаронца раіць запрасіць у суд як мага больш сведак, якія б маглі аспрэчыць ілжывыя паказанні супрацоўнікаў міліцыі.
Напамятаем, міністру юстыцыі Галаванаву учора было зададзена пытаньне: "Ці існуе адміністрацыйная або іншая адказнасьць грамадзяніна, калі ён проста стаіць на плошчы або пляскае ў далоні?
"У нас жа існуе свабода перамяшчэньня. Калі грамадзянін проста стаіць на плошчы або вуліцы і не парушае грамадзкі парадак, то ніякай адказнасьці не наступае, ні адміністрацыйнай, ні нейкай іншай. У нас сапраўды свабода. Калі ён пляскае ў далоні, то гэта таксама не супрацьзаконна", - такое меркаванне выказаў міністр.