11 траўня віцебскі журналіст Вадзім Баршчэўскі быў выкліканы па тэлефоне, без позвы. Разгляд адміністратыўнай справы перанесены на 22 траўня.
Пра гэта паведаміла радыё Свабода.
Журналіста Вадзіма Баршчэўскага выклікалі 11 траўня ў суд Першамайскага раёну ў сувязі з інцыдэнтам, які здарыўся зь яго ўдзелам яшчэ 31-га сакавіка, калі супрацоўнікі ДАІ затрымалі ягоную машыну, у якой знайшлі 25 тысяч улётак пад назовам "Народны кантроль". Ва ўлётках былі апісаныя падзеі 25-га сакавіка на Кастрычніцкай плошчы ў Менску.
Затрыманьне адбылося а 9-й вечара, і амаль усю ноч міліцыянты пратрымалі ў пастарунку Вадзіма Баршчэўскага і ягонага сына Алега, які ехаў разам з бацькам. Машыну супрацоўнікі ДАІ загадалі пакінуць да ранку 1-га красавіка - нібыта для праверкі. І назаўтра, калі Вадзім Баршчэўскі зьявіўся, каб забраць машыну, міліцыянты зь Віцебскага райаддзелу запатрабавалі ад яго дадатковых тлумачэньняў што да таго, каму прызначаліся ўлёткі і хто меўся іх распаўсюджваць. Даць такія тлумачэньні Баршчэўскі адмовіўся, і на яго склалі пратакол аб непадпарадкаваньні супрацоўнікам міліцыі.
Вадзім Баршчэўскі расказаў, што да гэтага часу ён не атрымліваў ні позвы ў суд, ні ўвогуле якіх бы там ні было зьвестак пра сваю справу. Але а 13-й гадзіне яму патэлефанавалі міліцыянты з Першамайскага РАУС і прапанавалі завезьці яго на судовае паседжаньне, якое, як высьветлілася, было прызначанае на 14-ю гадзіну.
Чыёй ініцыятывай было гэтае тэлефанаваньне, так і не высьветлілася: судзьдзя Натальля Дасько запэўніла Вадзіма Баршчэўскага, што яна не давала распараджэньня даставіць яго ў суд пад прымусам. Пагадзіўшыся прыняць хадайніцтва аб прысутнасьці на працэсе адваката і зважаючы на тое, што сёньня ў суд не зьявіўся ніводзін з выкліканых міліцыянтаў-сьведкаў, спадарыня Дасько перанесла суд над Вадзімам Баршчэўскім на 22-га траўня.
Бараніць правы Баршчэўскага ў судзе пагадзіўся вядомы віцебскі адвакат Міхаіл Замалін, які апошнім часам стала бярэ ўдзел у працэсах над прадстаўнікамі апазыцыі. Прыкладам, ён быў абаронцам у сябра ініцыятыўнай групы Мілінкевіча Аляксея Гаўруцікава, якога судзілі за арганізацыю несанкцыянаваных акцыяў пратэсту супраць афіцыйных вынікаў прэзыдэнцкіх выбараў, і ў вядомага праваабаронцы Валер'я Шчукіна, якога таксама судзілі за непадпарадкаваньне супрацоўнікам міліцыі.