Кіраўніцтва 260 нямецкіх унівэрсітэтаў і вышэйшых школ зьвярнулася з заявай супраць рэпрэсіяў у дачыненьні да студэнтаў у Беларусі
У прынятай заяве канфэрэнцыі рэктараў вышэйшых школ Нямеччыны гаворыцца пра неабмежаваную гатоўнасьць нямецкіх вучэбных устаноў каапэравацца з усімі партнэрамі ў Беларусі, якія зацікаўленыя ў супрацоўніцтве, паведаміла Радыё Свабода.
У часе сустрэчы ў Боне кіраўнікі нямецкіх унівэрсытэтаў і вышэйшых школ рашуча асудзілі арышт і выключэньне з унівэрсытэтаў тых беларускіх студэнтаў, якія бралі ўдзел у апазыцыйных акцыях.
Нямецкія рэктары таксама разглядзелі пытаньне адносна пошуку месцаў для навучэньня гэтых студэнтаў у Нямеччыне. Было выказанае меркаваньне адносна стварэньня гэтак званай эўрапейскай унівэрсытэцкай прасторы - сыстэмы незалежных і аўтаномных вышэйшых школ, якія былі б зацікаўленыя ў абмене і каапэрацыі са студэнтамі краінаў, якія не належаць да Эўрапейскага Зьвязу.
Як вынікае з заявы нямецкіх рэктараў, Беларусь, якая знаходзіцца ў цэнтры Эўропы, апошнім часам, усё больш ізалюецца ад эўрапейскай супольнасьці, а беларускія ўнівэрсытэты становяцца палітычным інструмэнтам у руках недэмакратычнага дзяржаўнага кіраўніцтва.
"Канфэрэнцыя рэктараў вышэйшых школ Нямеччыны заяўляе пра сваю салідарнасьць з тымі студэнтамі, супрацоўнікамі беларускіх унівэрсытэтаў, якія прымаюць актыўны ўдзел у справе разьвіцьця свабоды слова, дасьледаваньняў і адукацыі ў мэтах адкрытай, эўрапейскай Беларусі", --гаворыцца ў заяве арганізацыі.
Кіраўніцтва ўнівэрсытэту Віядрына ў Франкфурце на Одэры, які ў свой час даў прытулак студэнтам зачыненага ў Менску Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту дае высокую ацэнку здольнасьцям беларускай моладзі. Паводле рэктара Віядрыны прафэсара Гезынэ Шван, "беларускія студэнты вельмі інтэлектуальныя, здольныя. Можна толькі радавацца такой моладзі і адначасна сумаваць, што гэтыя маладыя людзі ня могуць выкарыстаць свайго духоўнага патэнцыялу ў сябе дома, што было б вельмі добра для гэтае краіны".