16-га траўня ў г. Беластоку будзе агучана рашэньне суда ў справе над сябрамі Управы Праграмнай Рады тыднёвіка "Ніва", адзінай газеты беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы.
У аўторак, дзевятага траўня 2006-га году, у г.Беластоку завяршылася чарговае паседжаньне Беластоцкага Раённага Суда ў справе над сябрамі Управы Праграмнай Рады Тыднёвіка "Ніва", адзінай газеты беларускай нацыянальнай меншасьці ў Польшчы. Праходзілі апошнія слуханьні сведкаў (некалькіх сведкаў, якіх запатрабавалі адвакаты яшчэ, суд адмовіўся выклікаць, спаслаўшыся на тое, што па-сутнасці ўжо ўсё зразумела). У гэты дзень, адным з сведкаў была Івона Гродзкая, былы міністар культуры. Яна засведчыла, што на той момант яе ведамства, у пытаньнях фінансавай падтрымкі розных арганізацый, зыходзіла з наяўнасці грошаў ў гэтым артыкуле расходаў, а не з той сумы, якая запрошвалася арганізацыямі. Гэтае тлумачэнне цалкам задавальняе адвакатаў абвінавачваемых і сяброў Управы Праграмнай Рады Тыднёвіка "Ніва". Зыходзячы з паказаньняў усіх праслуханых сведкаў а таксама самых абвінавачаных, адвакацкі бок звярнуўся з прапановай цалкам апраўдаць іх кліентаў. Бок абвінавачваньня настойвае на ўмоўным асуджаньні ад васьмі месяцаў з адтэрміноўкай на два гады, да аднога году умоўнага зняволеньня, і ў дадатак пакараньнем грашовымі штрафамі ад 200 да 1000 даляраў ЗША (у пераліку з польскіх злотых). Сябры Управы Праграмнай Рады Тыднёвіка "Ніва", як і іх адвакаты, не згодныя з бокам абвінавачваньня, і не аднаразова ўжо выказваліся пра тое, што справа носіць перадузяты, надуманы характар. У заключным слове, адзін з абскарджваемых, дзеючы галоўны рэдактар таднёвіка "Ніва" Яўген Вапа звярнуў увагу на павышаную зацікаўленасць да гэтай справы міжнародных праваабарончых арганізацый. Гэта, на яго думку, з’яўляецца глоўным падцверджаньням таго, што бок абвінавачваньня штучна нацягвае дадзеную справу.
Нагадаем, што сяброў Управы Праграмнай Рады Тыднёвіка "Ніва" абвінавацілі ў парушэнні закону аб рахункаводстве. Паводле высноваў прафесара Яўгена Мірановіча, "...Пасля аб’яўлення вынікаў усеагульнага перапісу насельніцтва ад 2002 г. (амаль 50 тыясч польскіх грамадзян назвала сябе беларусамі) мясцовыя нацыяналісты прыйшлі да вываду, што працэс асіміляцыі беларусаў моцна прытармазіўся і трэба яму паспрыяць адміністрацыйна-рэпрэсіўнымі метадамі. Спачатку кінуліся яны на "Ніву", якую палічылі найбольш стабільным фактарам, спрыяючым захаванню беларускай тоеснасці. Пасля паўтарамесячных пошукаў у ніўскіх дакументах функцыянерам беластоцкай Дэлегатуры НІК Робертам Скварко, улады гэтай установы, якія ўзначальвае дырэктар Антоні Янухта, пачалі інфамацыйную вайну супраць "Нівы", а пасля паведамілі пракуратуру ў парушэнні шматлікіх законаў кіраўніцтвам Праграмнай Рады..."
З высновамі прафесара Мірановіча пагаджаюцца і іншыя сябры Праграмнай Рады, і не толькі яны. Гэтая справа выклікала моцны рэзананс ў журналістскіх асяродках свету (пра яе ўзгадвалі не толькі сродкі масавай інфармацыі Польшчы, але і незалежныя СМІ ў Беларусі і свеце, прыкладам такая ўплывовая радыёстанцыя як "Радыё Свабода", і інш. Адсочвалі сытуацыю сайты "Вясны", "Радыё Свабода", "Еўрамост" і многія іншыя. А Беларуская Асацыяцыя Журналістаў зрабіла адмысловы зварот і салідыразавалася з журналістамі "Нівы", пратэстуючы супраць метадаў, якія ўжываюць супраць іх.
Шырокае абмеркаванне гэтая справа атрымала і ў праваабарончых колах. Беларускі праваабарончы цэнтар "Вясна" заклікаў польскія ўлады звярнуць увагу на сітуацыю, якая склалася вакол тыднёвіка "Ніва" і школ з вывучэннем беларускай мовы на Беласточчыне. З падобнымі заявамі выступалі таксама і беларускія арганізацыі Польшчы. Не засталіся ў баку і палітычныя беларускія апазыцыйныя партыі. Сама ўплывовая палітычная сіла на Беларусі, партыя БНФ, таксама салідырызавалася з Ніваўцамі. Многія арганізацыі і прыватныя асобы ў Беларусі і за яе межамі пачалі збор пдпісаў у падтрымку сяброў Управы Праграмнай Рады тыднёвіка "Ніва". Вядомыя дзеячы спрабавалі ўплываць на сытуацыю на прыватным роўні. У падтрымку Ніваўцаў, і з неразуменьнем, з чаго высмактаная падобная справа выказаліся таксама і некаторыя вядомыя польскія дзеячы.
Здзіўляцца ёсць чаму, бо нават бок абвінавачваньня падцвярджае той факт, што у гэтым так званым парушэньні справаводства не прапала ні адна залатоўка. Ні адзін грош не толькі не скрадзены, але і не згублены!
Дык у чам тады справа? Калі ўвжліва прааналізаваць матэрыялы прафесара Мірановіча, то, беларусам беласточчыны застаецца толькі паспачуваць. Бо іх, многія з якіх змагаліся за дэмакратыю ў Польшчы разам з іншымі сябрамі "Салідарнасці", і нават сядзелі ў астрогах Ярузельскага, прыкладам вядомы гісторык Алег Латышонак, пачынаюць лічыць чужароднымі элементамі ў гэтай дэмакратыі. Наўмысна абзываць лукашыстамі і камуністамі, хоць ведаюць што гэта не так. Наўмысна атаясамляюць з сёньняшняй беларускай уладай. Хоць усе ведаюць, як да "Ніваўцаў' ставіцца сёньняшняя беларуская ўлада. Прыкладам, рэдактар "Нівы" Яўген Вапа доўга ( нашмат даўжэй за большасць грамадзянаў Польшчы польскага паходжаньня), аббіваў парогі кансуляту, каб атрымаць візу на ў’езд на этнічную Радзіму. Такім чынам, "Ніваўцы" аказаліся паміж молатам і накавальняй. І этнічная Радзіма іх не спяшаецца вітаць, і там дзе яны нарадзіліся, на беласточчыне, ім так і не могуць даходліва растлумачыць, за што іх судзяць.
Зараз увага тых, хто салідарызуецца з "Ніваўцамі", скіраваная на рашэньне суда, якое агучаць 16-га траўня. Для беларусаў кожная дата 16-га мае асаблівае значэньне. Беларусы штомесяц у гэты дзень запальваюць знічкі ў знак салідарнасці з палітычнымі зняволенымі. Судовае рашэньне ў Беластоку будзе таксама агучана 16-га (якое сумнае супадзеньне). Калі ж тое рашэньне не будзе задавальняць сяброў Праграмнай Рады тыднёвіка "Ніва", то апошнія будуць дамагацца справядлівасці ў судах вышэйшых інстанцый, аж да міжнародных.
Заключнае паседжаньне, на якім Беластоцкі Раённы Суд агалосіць сваё рашэньне мае адбыцца ў аўторак, 16-га траўня 2006-га году ў г. Беластоку, у будынку Беластоцкага Суда, а 14-ай гадзіне польскага часу ў залі № 9.