viasna on patreon

З 9 траўня беларускія студэнты, якіх выключылі з ВНУ за палітычную ці грамадзкую дзейнасьць, могуць зьвяртацца для працягу навучаньня ў польскія ВНУ

2006 2006-05-10T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Дырэктар праграмы стыпэндыяў Варшаўскага унівэрсытэту прафэсар Ян Маліцкі паінфармаваў, што беларускія студэнты, якіх выключылі за грамадзкую ці палітычную дзейнасьць і якія хацелі б працягнуць навучаньне ў Польшчы, павінны зьвярнуцца з адпаведнымі заявамі да 20 чэрвеня, паведаміла радыё Свабода.

Ад ліпеня ў Варшаўскім унівэрсытэце пачынаюцца курсы польскай мовы для беларускіх студэнтаў, якія будуць вучыцца ў Польшчы. А ад 1 кастрычніка студэнты разьедуцца ў абраныя для працягу навучаньня ВНУ - па ўсёй краіне. Да праграмы дапамогі беларускім студэнтам, якая носіць імя Кастуся Каліноўскага, далучыліся каля 100 вышэйшых навучальных установаў. Кожнаму беларусу гарантаванае месца ў інтэрнаце, а таксама стыпэндыя ў памеры 1240 злотых, гэта каля 410 даляраў.

Усё гэта сталася магчымым дзякуючы падпісанаму 30 сакавіка пагадненьню паміж прадстаўнікамі польскіх ВНУ, прэм'ер-міністрам Польшчы Казімежам Марцінкевічам і лідэрам аб’яднаных дэмакратычных сілаў Аляксандрам Мілінкевічам. "Свабода пачынаецца ва унівэрсітэтах - так было заўсёды ва ўсім сьвеце. Менавіта таму беларускія студэнты, якіх выключылі ці яшчэ выключаць зь іхных навучальных установаў за грамадзкую ці палітычную дзейнасьць, за любоў да свабоды, атрымаюць нашую дапамогу. Гэта сімвал гэтай дарогі да свабоды", - заявіў у часе падпісаньня дамовы Казімеж Марцінкевіч.

Выключаныя студэнты зь Беларусі могуць зьвяртацца ў канцылярыю Варшаўскага ўнівэрсытэту, што на вуліцы Кракаўскае прадмесьце ў Варшаве ці ў беларускі інфармацыйны пункт, які знаходзіцца таксама ў польскай сталіцы на вуліцы Вашынгтона 30/36.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства