viasna on patreon

Былы вязень Валекс Буяк: У наваполацкай калоніі жыць больш за месяц нельга

2011 2011-06-04T06:13:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Потым трэба "уцякаць", бо загубіш здароўе. Калонія аточаная шкоднымі вытворчасцямі.

Пра гэта Еўрарадыё распавёў былы вязень калоніі Валекс Буяк.

Еўрарадыё: - Вы тры гады адбывалі пакаранне на Валадарцы, трымалі галадоўку больш за сто дзён, а потым трапілі на 7 год у наваполацкую калонію. 

Валекс Буяк: - Пасля Валадаркі мяне перавялі ў Наваполацк, але я не адседзеў там 7 год, а менш за год. Мне ў Наваполацку не спадабалася, і я левымі шляхамі дамогся пераводу ў Адзінку, больш цывілізаваную калонію.

Еўрарадыё: - Экс-кандыдата ў прэзыідэнты Андрэя Саннікава скіравалі ў гэтую калонію. Таксама там сядзіць 20-гадовы палітвязень Мікіта Ліхавід, якога ўжо двойчы адпраўлялі ў карцэр. Як бы вы апісалі ўмовы ў гэтай калоніі і што параілі б палітвязням?

Валекс Буяк: - Калі я туды патрапіў, яна не была ні "чырвонай", ні "чорнай" зонай, а нешта пасярэдзіне. Камандавалі там то блатныя, то менты, нейкі бардак. Гэта была самая п’яная зона, там не было праблемы дастаць алкаголь ці наркотыкі. Паколькі мяне гэта не цікавіла,  я адтуль “збег”, то бок быў пераведзены сваімі шляхамі. Калі ўжо я быў на Адзінцы, да нас адтуль сталі “уцякаць” натоўпамі, паколькі зону пачалі “ламаць”. І цяпер яна чырвоная, то бок кіруюць там…

Еўрарадыё: - Менты?

Валекс Буяк: - У блатных называецца “казлы”. Тыя, што ідуць на повадзе ў адміністрацыі – яны і правяць баль. Тым, хто не ладзіць з адміністрацыяй, кепска жывецца. Або трэба ладзіць з адміністрацыяй, або адтуль нейкім чынам пераводзіцца. У кожным выпадку я б параіў пераводзіцца. Я нагадаю гісторыю гэтай зоны. Калісьці гэта былі інтэрнаты, куды кіравалі “хімікаў”, і яны працавалі на Наваполацкім заводзе. Я, калі быў у арміі, таксама пабываў на наваполацкім заводзе. Жыць там больш за месяц нельга. Там столькі шкодных рэчываў у паветры, што немагчыма перадаць. Адтуль трэба ўцякаць усімі магчымымі спосабамі, праўдамі-няпраўдамі дамагацца пераводу ў іншую калонію. Прасядзець некалькі гадоў – гэта пасадзіць здароўе.

Еўрарадыё: - А як гэта зрабіць?

Валекс Буяк: -Праз знаёмых, праз грамадскія арганізацыі дамагацца пераводу.

Еўрарадыё: - Мікіту Ліхавіда два разы саджалі ў крацэр, таму што падчас пераклічкі ён называе свае імя-празвішча, не называе свайго артыкулу, затое называе сябе незаконна асуджаным. Арганізацыя ламае яго вось такім чынам. Што б вы яму параілі?

Валекс Буяк: - Гэта на зоне называецца “быкаваць”. Супраць адміністрацыі нічога не зробіш. Калі б гэта было ў часы, калі можна было б сабе зарабіць турэмны аўтарытэт – гэта б мела сэнс. Калі ён хоча зарабіць палітычны аўтарытэт – хай быкуе. Але зараз будзе сьпёка – у карцэры будзе невыносна. Ён здароўе падарве падвойна. Хай лепей падумае пра сябе, бо нельга так здзекавацца з сябе. Хопіць таго, што з нас так здзекуецца дзяржава.

Еўрарадыё: - Спадар Валекс, а што рабіць родным? Што перадаваць, куды звяртацца, каб дамагчыся пераводу?

Валекс Буяк: - Трэба звярацца ў Камітэт па выкананні пакаранняў з просьбаю перавесці кудысці бліжэй да радні, што, маўляў, далёка старым ездзіць. Ну, шукаць такія вось хады.

Еўрарадыё: - Спадар Валекс, цяпер вельмі шмат палітзняволеных – больш за 40. Што ім рабіць, як паводзіць сябе з адміністрацыяй, як уліцца ў калектыў, сям’ю ці як гэта сказаць…вязняў?

Валекс Буяк: - У нашыя часы, у адрозненне ад сталінскіх, палітычных у турме паважаюць. Калі да блатных, няважна, якой яны масці, ставіцца з павагай, то будзе ўсё нармальна. Калі ўжо ідзеш насуперак адміністрацыі, шукай падтрымкі ў зэкаў, каб яны цябе хаця б маральна падтрымлівалі, штосьці там перадавалі. Аднаму ня выстаяць. Іх усіх раскідалі ў розныя зоны, а калі ў адну зонку, то ў розныя атрады, каб яны не бачыліся – гэта ўсё спецыяльна зроблена.

Еўрарадыё: - Адміністрацыя цісне са свае волі, таму што такія правілы і беспакаранасць ці яшчэ прыходзяць ёй загады ціснуць – зверху, з Мінска.

Валекс Буяк: - Зверху бывае, я на сабе таксама адчуваў перыядычна. Там жа такія людзі ў адміністрацыі, што можна знайсці падыходы. Бандажэўскі нармальна сядзеў, я ведаю, яму нават камп’ютар выдзялілі. Клімаў сябе добра правёў, знайшоў нейкі ход да адміністрацыі, быў старшынём савета атраду, здаецца. Заўжды можна знайсці нейкія хады. Гэта не азначае, то ты згодны з уладай. Згодны з адміністрацыяй – не значыць, што ты згодны з уладай.

Еўрарадыё: У Наваполацку сядзіць вядомы эканаміст, старшыня Джэм-Банку Татарынцаў. Як ён?

Буяк: Пра яго нічога не ведаю.

Еўрарадыё: Дзякуй за размову. 

Даведка Еўрарадыё: Валекс (Валер) Буяк нарадзіўся ў 1956 годзе на Іўеўшчыне Гродненскай вобласці, адкуль паходзіць і Зянон Пазьняк. У 1988 г. заснаваў цэнтар баявых мастацтваў "Сэкай", навучаў каратэ і айкідо ў Мінску. У сярэдзіне 1990-х гадоў заснаваў некалькі фірмаў пад гандлёвай маркай "Сэкай" і сабраў больш чым мільён долараў у тысячаў укладчыкаў. У 1996 г. зладзіў у Мінску баі амаль без правілаў "Містэр Волат Сэкай". Летам 1996 г. быў арыштаваны і атрымаў у 1999 г. 10 гадоў зняволення. Вызваліўся у 2004 годзе па амністыі.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства