Паляванне на "Еўрапейскую Беларусь" працягваецца вечарам
Аблава на актывістаў грамадзянскай кампаніі "Еўрапейская Беларусь", распачатая сённяшняй раніцай, працягнулася бліжэй да вечара. У Мінску другі раз за дзень быў затрыманы Андрэй Молчан. Пасля ператрусу а 7-й ранку, затрымання і допыту ў Маскоўскім РУУС у якасці сведкі па справепра падпал Дома правасуддзя Андрэя і яшчэ двух актывістаў адпусцілі. Праз некаторы час ён паехаў да свайго сябра Аляксандра, але таго не было дома. Затое ў пад'ездзе чакала засада з шасці супрацоўнікаў спецслужбаў.
Як стала вядома правабаронцам, Андрэя Молчана схапілі, прыкавалі да батарэі кайданкамі і сталі дапытвацца, дзе зараз ягоны сябра Аляксандр Валанцэвіч. Хлопец адказаў, што не ведае. У яго забралі пашпарт і сотавы тэлефон. Пасля лаянкі і пагрозаў "ахоўнікаў парадку" на шум выбегла суседка і далучылася да абразаў на адрас хлопца, стаўшы на бок спецслужб. Калі жанчына сышла, Андрэю сказалі: "Цяпер, калі нешта здарыцца з суседкай, мы ўжо ведаем, хто сядзе".
Потым Андрэя адпусцілі, але вернуты яму тэлефон аказаўся поўнасцю заблакаваны. Пра інцыдэнт паведамілі яго сваякі, якія цяпер апасаюцца правакацыяў -- як супраць самога Андрэя, так і супраць іншых прыхільнікаў "Еўрапейскай Беларусі".
Паводле іх словаў, яшчэ адным актуальным пытаннем для спецслужбаў стала пытанне "Хто распавёў пра ўсё журналістам?" -- яго таксама задавалі прыкутаму кайданкамі Андрэю Молчану.
Каардынатарам "Еўрапейскай Беларусі" з'яўляецца асуджаны на 5 год турмы экс-кандыдат у прэзідэнты Андрэй Саннікаў.