Жукоўскі vs ўлады: барацьба з пераменным поспехам
Не пашанцавала! Ці актывісту аркамітэта па стварэнню партыі БХД Кастусю Жукоўскаму з гомельскімі ўладамі, ці ўладам — з Жукоўскім. У любым выпадку, супакоіцца чыноўнікам актывіст не дае, бо змагаецца за свае правы. Такія, як, напрыклад, спакойна жыць у сваім доме. Але, як паказвае досвед, нават такія простыя рэчы робяцца раскошай, калі ў справу ўмешваюцца чыноўнікі.
Напрыклад, мы ужо пісалі, што дом Жукоўскага, як і яго суседзяў па вуліцы Кніжнай Гомеля, збіраюцца зносіць. Але да актывіста асаблівае стаўленне — нават дом яго знесці не могуць проста так, як у людзей — пажарныя загадалі перад зносам пабудаваць каля дома супрацьпажарную сцяну, 7 метраў вышынёй і 12 — шырынёй. У адваротным выпадку пагражаюць не зарэгістраваць дом. Адпаведна, актывіст рызыкуе не атрымаць кампенсацыю ў поўным аб'ёме за прыватнае жытло. Уявіце сітуацыю — дом не сёння, дык заўтра знясуць, але трэба перад гэтым да яго дабудаваць сцяну?
А днямі выявілася новая камічная і разам тым – яскрава паказваючая бесталковасць некаторых дзяржаўных інстанцый сітуацыя. Пачалася гэта гісторыя яшчэ ў 2007 годзе. Улетку камунальныя службы вялі рамонт цеплатрасы каля дома Жукоўскага, а затым клалі новы асфальт. Пасля таго гора-рамонту вада пасля дажджу пацякла проста ў хату да грамадзяніна, стала падмываць фундамент. Актывіст напісаў скаргу ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна і атрымаў адказ: так, сапраўды, рамонт праезднай часткі зроблены недасканала, усе выправім у хуткім часе. Хуткі час – гэта ў перакладзе з мовы чыноўнікаў на простую мову – не менш года. Ішоў час, скаргу Жукоўскага перакідвалі з інстанцыі ў інстанцыю, вада так і цякла ў хату, а праз паўгады пачалася зіма, а з ёй – новы адказ: «У сувязі з кепскімі ўмовамі надвор'я работы па рамонту дарогі будуць выкананы вясной 2008 года». Вясна 2008 наступіла ў гомельскіх уладаў 18 ліпеня 2008 года – відаць, у іх, дзяржаўных служачых, асаблівы каляндар. У гэты дзень Жукоўскі атрымаў адказ, што рамонт праезджай часткі каля яго дома выкананы, больш таго - «зроблены вадапрыёмны калодзеж, які здыме праблему скаплення дажджавой вады ў раёне вашага дома».
Прайшло з таго часу тры гады. Натуральна, што за гэты час калодзеж той засмеціўся, але чысціць яго ніхто не збіраўся, таму Жукоўскі напісаў скаргу ў адміністрацыю Цэнтральнага раёна. Адказ, які ён атрымаў ад чыноўнікаў, быў не толькі дзіўным, але і смешным: «Зроблена санітарная ачыстка калодзежа каля вашага дома. Дадзены калодзеж ліўневым не з'яўляецца, і на балансе не знаходзіцца. У дадзены час устанаўліваецца уладальнік калодзежа. У выпадку адсутнасці ўладальніка калодзежа ён будзе ліквідаваны».
Выходзіць, улады самі пабудавалі калодзеж, пра што тры гады таму і паведамілі афіцыйна Жукоўскаму, а зараз кажуць, што калодзеж – не наш, уладальніка – няма, і мы яго будзем ліквідаваць. А потым, калі зноў пацячэ вада ў хату да Жукоўскага – зноў будуць будаваць?
“Праваабарончая хроніка”