Міністэрства замежных спраў Польшчы і Управа Радыё Рацыя прынялі заявы ў абарону журналіста Яўгена Вапы
24 траўня МЗС Польшчы і Управа Радыё Рацыя прынялі заявы з нагоды анулявання візы журналісту Яўгену Вапу, старшыні ўправы Радыё Рацыя. 23 траўня яго не пусцілі ў Беларусь, куды спадар Вапа накіроўваўся ў службовую камандыроўку. Яўгену Вапу забаранілі ўезд у краіну на нявызначаны тэрмін.
Публікуем поўны тэкст заяваў.
Міністэрства замежных спраў Польшчы заклапочанае ануляваннем беларускай візы журналісту Яўгену Вапу, старшыні ўправы Радыё Рацыя.
Лічым гэты інцыдэнт за чарговы, разам з арыштам Андрэя Пачобута, крок беларукіх уладаў, скіраваны супраць свабоды слова. Гэтыя абмежаванні лічым парушэннем асноўных грамадзянскіх свабод і правоў.
Забарона ўезду ў Беларусь для Вапы пацвярджае, што рэжым імкнецца да абмежавання доступу грамадзян да незалежнай інфармацыі ў часе, калі ў Беларусі паглыбляецца гаспадарчы крызіс і працягваюцца рэпрэсіі супраць апазіцыі.
Міністэрства Замежных Спраў Польшчы
***
Заява Беларускага Радыё Рацыя ў сувязі з ануляваннем уязной візы Яўгену Вапу і бестэрміновай забаронай на ўезд у Рэспубліку Беларусь
Шаноўнае спадарства,
учора, 23 траўня 2011 г., беларускія памежныя службы анулявалі Яўгену Вапу – старшыні ўправы Радыё Рацыя і галоўнаму рэдактару Тыднёвіка беларусаў у Польшчы «Ніва», уязную візу.
Яўген Вапа з’яўляецца таксама грамадскім дзеячом беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы і старшынёю Беларускага саюза ў Рэспубліцы Польшча, таму дзеянні адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі ўспрымаем як варожы акт не толькі ў дачыненні да еўрапейскіх і дэмакратычных каштоўнасцяў, не толькі ў дачыненні да незалежных СМІ, але таксама і ў дачыненні да беларускай меншасці ў Польшчы.
Яўген Вапа мяркуе, што ануляванне візы і зафіксаванне ягонай асобы ў спісе непажаданых у Беларусі асоб з’яўляецца адказам на дзейнасць незалежных СМІ, якія вяшчаюць на тэрыторыю Беларусі.
Вось выказванне самога Яўгена Вапы пра гэты інцыдэнт:
– Гэты інцыдэнт мае дачыненне да таго, што Беларускае Радыё Рацыя, што вяшчае з Беластока і Белай-Падляшскай, з’яўляецца рэальным СМІ, якое пастаўляе беларускаму грамадству незалежную і аб’ектыўную інфармацыю. Я не бачу ніякай іншай прычыны, па якой мне адмовілі ўезд на тэрыторыю Беларусі. У мяне была службовая віза, якую я аформіў па запрашэнні Згуртавання беларусаў свету «Бацькаўшчына».
Шаноўнае спадарства,
беларускія памежныя службы анулюючы Яўгену Вапу ягоную візу паведамілі, што пра прычыны гэтага дзеяння можна даведацца ў Пасольстве Рэспублікі Беларусь у Варшаве. Аднак беларускае пасольства адмовілася адказваць на пытанне пра прычыны.
Заклікаем Вас не заставацца абыякавымі да гэтай справы – акажыце сваю салідарнасць пацікавіўшыся гэтай сітуацыяй, у якой беларуса – грамадзяніна Польшчы, старшыню Беларускага саюза ў Рэспубліцы Польшча, журналіста, пазбаўляюць права на ўезд у Рэспубліку Беларусь.
Лічым, што Пасольства Рэспублікі Беларусь у Варшаве павінна – згодна інфармацыі беларускай памежнай службы – патлумачыць прычыны, па якіх Яўгена Вапу прызналі непажаданай у Беларусі асобай.
Управа Беларускага Радыё Рацыя.
Беласток, 24 траўня 2011 г.
***
Сам Яўген Вапа наступным чынам патлумачыў з'яўленне гэтага закліку:
- Наша заява – гэта перадусім зварот да сяброў журналістаў, каб можа і яны паспрабавалі даведацца, што было прычынай анулявання для мяне візы. І гэты заклік ёсць для таго, каб пазваніць у пасольства Беларусі ў Варшаве, бо туды мяне памежнікі накіравалі, каб атрымаць інфармацыю.