Журналіста Руслана Равяку не пусцілі на паседжанне Баранавіцкага гарсавету
24 траўня Баранавіцкая недзяржаўная газета “Intex-Press” паведаміла, што народныя абраннікі не пусцілі карэспандэнта выдання Руслана Равяку на паседжанне Баранавіцкага гарадскога савета дэпутатаў.
Перад пачаткам паседжання журналіста папрасілі пакінуць малую залу райвыканкаму, дзе адбываўся сход, матывуючы тым, што гэта паседжанне гарсавета – пазачарговае і з’яўляецца закрытым.
Па дадзеных рэдакцыі газеты “Intex-Press”, на паседжанні гарадскога савета дэпутатаў планаваўся разгляд скарачэння бюджэта горада Баранавічы.
Газета адзначае, што гэта вельмі прыкры факт. Цікава, што “Intex-Press” адмовілі ў інфармацыі дэпутаты, якіх абраў народ і якія, падобна, ужо лічаць непатрэбным адказваць перед гэтым самым народам, у дадзеным выпадку -- чытачамі.
Дэпутаты Баранавіцкага гарадскога савета сваімі дзеяннямі парушылі арт.34 Канстытуцыі РБ, якая гарантуе нашым грамадзянам права на атрыманне, захаванне і распаўсюд поўнай, дакладнай і своечасовай інфармацыі аб дзейнасці дзяржаўных органаў, грамадскіх аб’яднанняў, аб палітычным, эканамічным, культурным і міжнародным жыцці, стане навакольнага асяроддзя.
На фота: Руслан Равяка на заднім плане (самы высокі)
“Праваабарончая хроніка”