Ператрусы і затрыманні сяброў "Еўрапейскай Беларусі"
У 7.00 супрацоўнікі міліцыі наведалі кватэру актывіста "Еўрапескай Беларусі" Андрэя Молчана. Дома Андрэя не было. Па словах сястры Андрэя Молчана Вольгі, міліцыянты ператрэслі ўвесь дом і забралі ноўтбук. Тое, што гэта рэч не Андрэя, а яго сястры, праваахоўнікаў абсалютна не хвалявала. "Што хочам, тое і забіраем", -- сказалі яны на спробу ім запярэчыць.
Затым Андрэя павезлі на допыт (не сказаўшы, у якасці каго) у Маскоўскі РУУС. Сястра і бацька затрыманага прыехалі туды следам за міліцыяй, але ў дзяжурнай частцы ім груба абвесцілі, што такога чалавека ў РУУСе няма. "Яны захлопвалі перада мной акенца і лаяліся, -- згадвае Вольга. -- Хвілін 15 шукалі брата па рацыі, потым ён выйшаў сам, але аказалася, толькі на некалькі хвілін, бо да допыту дадаліся экспертызы".
Разам з Андрэем Молчанам затрыманымі ў Маскоўскім РУУС аказаліся актывісты Андрэй Бажын і Даніла Ганчароў, абодва таксама з "Еўрапейскай Беларусі". Прыкладна да 11-й гадзіны міліцыянты вызначыліся з якасцю, у якой будуць дапытаныя гэтыя людзі: сведкі па справе аб падпале Дома правасуддзя. Паводле афіцыйнай інфармацыі, некалькі бутэлек з вадкасцю кшталту запаляльнай сумесі было кінута ў чорны ход у двары Дома правасуддзя па вул. Сямашкі ў ноч пасля абвяшчэння прысуду Андрэю Саннікаву.
Аднак, нягледзячы на статус сведак, у склад следчых дзеянняў уваходзяць у тым ліку экспертызы сліны, падошваў абутку затрыманых і дактыласкапія.
Падчас дазволенага следчымі званка дадому адзін з супрацоўнікаў у цывільным паспрабаваў украсці ў затрыманага Андрэя Бажына сотавы тэлефон.
Паводле сайту ГУУС Мінгарвыканкаму, па факце падпалу была заведзена крымінальная справа па артыкуле 339 частцы 2 (злоснае хуліганства). У рамках яе ужо дапытваліся актывісты кампаніі "Еўрапейская Беларусь" Яўген Асінскі, Алег Селіванаў, Уладзь Беразоўскі, Аляксандр Кудлаеў разам з сынам, Алег Ярасеня, Георгій Русак, Мікіта Велікаборац, а таксама актывіст кампаніі "Без'ядзерная Беларусь" Арсень Гурскі.