viasna on patreon

Прайшлі акцыі ў падтрымку газэты Наша Ніва". Дэпутат Вольга Абрамава просіць Мінгарвыканкам перагледзець сваё рашэньне

2006 2006-05-03T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

У першай палове красавіка галоўны рэдактар "Нашай нівы" атрымаў ліст за подпісам намесьніка старшыні Менгарвыканкаму Міхаіла Ціцянкова, у якім гаворыцца, што гарвыканкам "лічыць немэтазгодным разьмяшчэньне газэты "Наша ніва" на тэрыторыі Менску.

Увечары 28 красавіка каля 250-300 чалавек прыйшлі на Кастрычніцкую плошчу Менску і разгарнулі адначасова кожны свой асобнік газэты "Наша Ніва", якую зьбіраюцца зачыніць беларускія ўлады напярэдадні яе 100-гадовага юбілею. Гэтак, чытаючы, яны моўчкі прайшлі да плошчы Перамогі. Цішыню парушалі супрацоўнікі сілавых структур, якія па гучнай сувязі папярэджвалі чытальнікаў пра адказнасьць.
Флэшмоб, па сьведчаньнях відавочцаў, атрымаўся відовішчным і ўдалым.
Калі ўдзельнікі акцыі пачалі разыходзіцца, супрацоўнікі сьпецслужбаў у цывільным пачалі некаторых затрымліваць, і больш за дзесятак чалавек адвезьлі ў аддзел міліцыі Цэнтральнага раёну.

Салігорскім адзьдзяленьнем Маладога Фронта ўвечары 2 сакавіка таксама была арганізавана акцыя салідарнасьці з газетай "Наша Ніва". У акцыі прынялі ўдзел больш за 30 чалавек, неабыякавых лёсу сапраўднай беларускай газеты.
У акцыі ў асноўным удзельнічала моладзь, якая а восьмай гадзіне вечара сабралася на цэнтральнай плошчы і дэманстратыўна чытала "Нашу Ніву". Праз некаторы час удзельнікі акцыі, працягваючы чытаць газэты, прайшліся па горадзе і разьмесьціліся ля крамы "Юбілейны". Яшчэ хвілін праз 15 акцыя скончылася. З боку праваахоўных органаў прэтэнзіяў не ўзьнікла.
"Прыемна, што ў нашым горадзе даволі многа салідарных людзей, неабыякавай моладзі і асабліва радасна, што з кожнай акцыяй удзельнікаў становіцца ўсё больш," - адзначыў адзін з маладафрантоўцаў.

У сувязі з сітуацыяй вакол тыднёвіка "Наша ніва" дэпутат Палаты прадстаўнікоў Вольга Абрамава адправіла тры дэпутацкія запыты на імя начальніка галоўнага ідэалагічнага ўпраўленьня Адміністрацыі прэзідэнта Алега Праляскоўскага, міністра інфармацыі Ўладзімера Русакевіча і намесьніка старшыні Менскага гарвыканкаму Міхаіла Ціцянкова, паведаміла радыё Свабода.

Абрамава, у прыватнасьці, зьвярнулася з просьбаю перагледзець рашэньне аб адмове "Нашай ніве" ў захаваньні юрыдычнага адрасу на тэрыторыі Менску: "Я "Нашу ніву" чытаю даволі даўно, як і іншыя недзяржаўныя і дзяржаўныя газэты. Гэта газэта, вядома, элітарнага кірунку, папулярная ў часткі нацыянальнай інтэлігенцыі. Гэта высокапрафэсійнае, незалежнае выданьне, гэта, як справядліва адзначалася, брэнд, якому найбліжэйшым часам сто гадоў будзе, і няхай ён жыве і квітнее".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства