1 траўня Натальля Бордак са Сьветлагорску правяла акцыю пратэсту
Сьветлагорская актывістка Натальля Бордак выйшла з бел-чырвона-белым сьцягам на цэнтральную плошчу горада і транспарантам "Работу — ахвярам рэжыму!" Такім чынам яна вырашыла падтрымаць людзей, якія пацярпелі ад уладаў за сваю актыўную грамадзянскую пазіцыю. Сама яна таксама пацярпела падчас выбараў: Сьветлагорскі суд аштрафаваў яе на дзьве базавыя велічыні. Судзьдзі палічылі, што жанчына парушыла заканадаўства, калі распаўсюджвала на гарадзкім рынку выбарчую праграму Мілінкевіча.
Раней яна працавала псіхолагам у Сьветлагорскім цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва, дзе займалася рэабілітацыяй інвалідаў праз арт-тэрапію. Але дырэктарка цэнтру спадарыня Васіліхіна прапанавала сваёй падначаленай сысьці з працы, паколькі ёй стала вядома, што на Натальлю завялі адміністратыўную справу. І спадарыня Бордак напісала адпаведную заяву. З сакавіка яна беспрацоўная. І да гэтага часу ў цэнтры занятасьці ёй прапанавалі толькі адно месца працы. "Мне прапанавалі адну работу за некалькі кіламетраў ад гораду ў невялікім мястэчку. Але каб там працаваць, там трэба і жыць. А я гэтага не магу, бо ў мяне малое дзіця, і жыльлё тут," - распавяла Натальля карэспандэнту радыё Свабоды.
1 траўня сп. Бордак прастаяла на плошчы хвілінаў трыццаць, затым да яе падышлі два міліцыянты. Яны доўга з ёй размаўлялі, пасьля чаго сышлі. Праз нейкі час актывістка таксама завяршыла сваю акцыю.