viasna on patreon

Суд Маскоўскага раёну Менску апраўдаў адваката Аляксандра Казуліна Ігара Рынкевіча, якога падазравалі ў дробным хуліганстве

2006 2006-05-03T10:00:00+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

28 красавіка на судзе над Ігарам Рынкевічам мусілі прагледзець відэастужку падзеяў, падчас якіх адвакат быў затрыманы. Напярэдадні судзьдзя Надзея Равуцкая забавязала камандзіра сьпецаддзелу "Алмаз" падаць такі відэазапіс, але прагляду не адбылося, бо камандзір "Алмазу" Карпянкоў паведаміў суду, што ягоныя падначаленыя здымак не рабілі, а на касэце, якую прынесьлі з пракуратуры Маскоўскага раёну, запісу не аказалася.
Адвакатка Рынкевіча Алена Аўсяньнікава паведаміла Радыё Свабодзе: "Мяркую, што на стужцы было ясна зафіксавана, што ў дзеяньнях адваката Рынкевіча не было парушэньняў закону. Калі б гэтую стужку судом прагледзеў, магчыма было б зрабіць адназначную выснову пра ягоную невінаватасьць. Але стужкі няма".

Ігар Рынкевіч быў абвінавачаны ў дробным хуліганстве. 2 сакавіка каля Кастрычніцкага райаддзелу міліцыі адвакат Аляксандра Казуліна нібыта нецэнзурна лаяўся, абражаў міліцыянтаў ды не падпарадкоўваўся іхным патрабаваньням. Ігар Рынкевіч гэтыя абвінавачаньні адкідаў.
За тры дні працэсу апыталі дзевяць сьведкаў, паказаньні яшчэ чатырох міліцыянтаў былі зачытаныя ў судзе. Адметна, што ніхто з тых, каго апыталі ў судзе, уключна з трыма міліцыянтамі, не пацьвердзіў, што Ігар Рынкевіч "лаяўся ды заклікаў штурмаваць райаддзел міліцыі", як гэта засьведчыў у сваіх паказаньнях намесьнік камандзіра "Алмазу" Андрэй Шынкарэнка. Але на суд ён не зьявіўся, хаця яго запрасілі.
Таім чынам, суд не знайшоў віны ў дзеяньнях Ігара Рынкевіча.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства