У Магілёве адзначылі Міжнародны дзень супраць гамафобіі (фота)
Учора, 17 траўня, у Магілёве прайшла акцыя супраць гамафобіі. Ініцыятарамі выступілі актывісты моладзевай арганізацыі “Маладыя сацыял-дэмакраты – Маладая Грамада”, а таксама прадстаўнікі ЛГБТ-супольнасці Магілёва. Да акцыі далучылася і моладзь, неабыякавая да праблемы гамафобіі адносна прадстаўнікоў сэксуальных меншасцяў.
Адзін з арганізатараў акцыі Максім Хармік адзначае, што акцыя прайшла ў выглядзе “Вясёлкавага флэшмобу”, які штогод арганізуецца ў шматлікіх гарадах розных краін 17 траўня -- у Міжнародны дзень супраць гамафобіі.
“Сутнасць флэшмобу – разам запусціць ў неба рознакаляровыя балонікі з геліем са словамі супраць гамафобіі, - гаворыць Максім, - Хоць “Вясёлкавы флэшмоб” і не быў настолькі масавым, як планавалася, але гэта першая ўдалая для нашага горада акцыя, прымеркаваная да Міжнароднага дня супраць гамафобіі”.
У акцыі прынялі ўдзел каля дзесятка чалавек. У адрозненне ад Мінску, удзельнікаў не затрымлівалі.
Нагадаем, што 17 траўня 1990 года Сусветная арганізацыя аховы здароўя выключыла гомасэксуальнасць са спісу псіхічных захворванняў. З гэтага моманту ў шматлікіх краінах 17 траўня адзначаецца як Міжнародны дзень супраць гамафобіі.
“Праваабарончая хроніка”