Палітычныя рэпрэсыі супраць праваабаронцаў, актывістаў руху "ЗА СВАБОДУ, ПРАЎДУ І СПРАВЯДЛІВАСЬЦЬ", прыхільнікаў Аляксандра Мілінкевіча ў Жодзіне - не спыняюцца!
26 красавіка а 16-30, на выезьдзе з Жодзіна ўзмоцненым патрулём ДАІ-ГАЎС, якім кіраваў намесьнік Жодзінскага ГАЎС маёр міліцыі Андрэй Дарошка, па загадзе першага намесьніка Жодзінскага ГАЎС маёра Вячаслава Ільліча была спынена "маршрутка", у якой былі затрыманыя і прымусова дастаўленыя ў Жодзінскі ГАЎС лідэр Жодзінскай арганізацыі і сябра Сойму ПБНФ Аляксей Лапіцкі і ягоная жонка, праваабаронка Жодзіне Сьвятлана Лапіцкая.
Маёр Андрэй Дарошка пры затрыманьні заявіў пра катэгарычную неабходнасьць тэрмінова даставіць Лапіцкіх для дачы тлумачэньняў на паступіўшую у міліцыю заяву. Тэрміновасьць дачы паказаньняў дыктуецца, быццам бы, тым, што выкладзена ў гэтай калектыўнай заяве жыхароў пад’езду, у якім пражывае сям’я Лапіцкіх.
Ён адмовіўся рэагаваць на прапанову Аляксея Лапіцкага даць тлумачэньні і адмовіўся зьвязаць яго з кіраўніцтвам ГАЎС па тэлефоне для ўрэгуляваньня пытаньня законным чынам.
А ў адказ былі жорсткія і абразьлівыя дзеяньні - з прыкладаньнем сілы Аляксея Лапіцкага на вачах у зьдзіўленых пасажыраў вынесьлі і пацягнулі на руках і па асфальце (калая 10 мэтраў) да двух міліцэйскіх машынаў. Потым пад пагрозаю ўжыцьця сілы суправадзілі ў машыну Сьвятлану Лапіцкую і пад аховаю яшчэ аднаго аўто зь мігалкамі адвезьлі ў Жодзінскі ГАЎС.
У адзьдзяленьні міліцыі допыт праводзіў першы намесьнік Жодзінскага ГАЎС маёр міліцыі Вячаслаў Ільіч. Ён настаяў на паасобным азнаямленьні дастаўленых у ГАЎС з заяваю і наступных паасобных допытах затрыманых.
Першым на працягу 2-х гадзінаў дапытваўся Аляксей Лапіцкі. У заяве, якая была надрукаваная па-руску і заканчвалася словамі "… і хай "спадары" Лапіцкія, калі жадаюць займацца палітыкай адкрыюць нармальны офіс, не замінаючы жыхарам нашага дома спакойна жыць у моцнай, квітнеючай Беларусі"
падпісанты (каардынатаў і адрэсаў якіх у заяве не фігуравала навогул) абвінавачвалі праваабаронцаў у тым, што ў іхнай кватэры "пастаянна зьбіраюцца людзі, і яна ператворана ў офіс апазыцыйнае партыі, а 25.04.2006г. у вечары зноў прыходзіла моладзь, якая потым абмяркоўвала праблемы ля пад’езду".
Тэкст заявы быў надрукаваны з кампутару. Пад заяваю фігуравала 3 подпісы (Іванова Т.В., Степчанка А.Г., Ягораў А.Э і др.), якія ў пад’езьдзе з Лапіцкімі па пр.Ф.Скарыны д. 3 навогул не пражываюць. Заява датавалася 26.04.2006г. і перадавалася для праверачных дзеяньняў начальнікам міліцыі тав. Шляхціным.
Пры допыце, намесьнік Жодзінскага ГАЎС маёр міліцыі Вячаслаў Ільіч адмаўляўся запісваць тыя фармулёўкі, якія дыктаваў яму ў якасьці тлумачэньняў па "гэткай заяве" Аляксей Лапіцкі і імкнуўся вывучыць "сутнасьць пытаньня" як мага "шырэй і глыбей".
У выніку, Аляксей Лапіцкі ў запатрабаванай "Кніізе скаргаў і прапановаў" заявіў пратэст гвалтоўным і неадэкватным дзеяньням супрацоўнікаў міліцыі, а ў тлумачэньнях дапісаў свае адносіны да "паклёпніцкай заявы" і адкарэктаваў тое, што міліцыянт выклаў на паперы, быцца бы з словаў дапытваемага.
Допыт Сьвятланы Лапіцкай быў больш кароткім (каля 30 хвілінаў) і па настойлівым патрабаваньні затрыманых праводзіўся ў прысутнасьці прадстаўніка, ейнага мужа праваабаронцы Аляксея Лапіцкага. Уся "працэдура" скончылася а 19-00.
У выніку на шляху з Жодзіна ў Менск, Аляксей Лапіцкі і Сьвятлана Лапіцкая былі за апошнія 2-а месяцы 3-ы разы затрыманыя міліцыянтамі (17.02.2006, 19.03.2006г. і 26.04.2006г.).
Першыя два разы, "маршрутку" затрымлівалі ўзброеныя аўтаматамі міліцыянты і паставыя ДАІ, якія канваіравалі машыны з пасажырамі для допытаў у Смалявіцкі ГАЎС).
P/S
Па дзеяньнях кіраўніцтва і супрацоўнікаў Жодзінскага ГАЎС 26.04.2006г. учасе затрыманьня і допытаў Аляксея Лапіцкага і Сьвятланы Лапіцкай праваабаронцы зьбіраюцца заўтра 27.04.2006г. падаваць заяву ў пракуратуру. А на грамадзянаў заяўнікоў, калі канешне яны акажуцца рэальнымі і знойдуцца іхныя каардынаты, будзе пададзена заява па факце зьдзяйсьненьня правакацыі і паклёпу …
Алесь Вольны, Licviny-INFA,
8 (01775) 95-910,
clicviny@yahoo.com.