viasna on patreon

Судзяць сябра партыі «Справядлівы свет» са Жлобіна

2011 2011-05-12T15:57:39+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/smlogo.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

З сакавіка працягваецца ў судзе Жлобінскага раёна разгляд крымінальнай справы ў адносінах да сябра партыі левых «Справядлівы свет» Яўгена Басарэўскага. На апошнім паседжанні у красавіку ў суддзі выклікаў сумнеў акт праверкі камітэта дзяржаўнага кантролю, і таму быў абвешчаны перапынак для правядзення адпаведных экспертыз.

Яўген Басарэўскі пяць гадоў узначальваў Цэнтр ўпраўлення камунальнай ўласнасці, працаваў на дадзенай пасадзе да 2009 года. Кіраўнік не меў ніякіх прэтэнзій за час сваёй працы, непрыемнасці ў яго пачаліся тады, калі ён стаў сябрам партыі «Справядлівы свет», а затым вылучыў сваю кандыдатуру ў Гомельскі абласны савет дэпутатаў, на выбарах у мясцовыя саветы вясной 2010 года.

Напярэдадні мясцовых выбараў Камітэт дзяржаўнага кантролю правёў праверку ўпраўлення камунальнай уласнасці і выявіў, што прадпрыемства як быццам ухілялася ад выплаты 50% арэнднай платы, чым нанесла ўрон дзяржаве на суму больш чым 180 мільёнаў рублёў. Па словах Басарэўскага, тады ён атрымаў своеасаблівую «параду»: пазбавіцца праблемаў ён можа, калі адмовіцца ад палітычнай дзейнасці і ўдзелу ў выбарах у мясцовыя саветы. Апазіцыянер перакананы, што праблемы з ўладамі ён займеў менавіта з-за таго, што актыўна займаўся палітычнай дзейнасцю.

Супраць Яўгена Басарэўскага была ўзбуджана крымінальная справа па артыкулу 424 Крымінальнага кодэксу (Злоўжыванне ўладай альбо службовымі паўнамоцтвамі).

Апазіцыянер упэўнены ў сваёй невінаватасці, і мяркуе, што на пасадзе дырэктара рабіў усе, каб прадпрыемства працавала без страт, належным чынам. «Так, 50% ад арэнднай платы неабходна было пералічваць у бюджэт. Прадпрыемству не хапала сродкаў, мы пералічвалі ў бюджэт толькі тое, што заставалася пасля вылічэння выдаткаў па ўтрыманні камунальнай уласнасці і нашай працы. Мы заняліся і дадатковай дзейнасцю: рынкавай ацэнкай нерухомасці, правядзеннем аукцыёнаў і конкурсаў - стараліся, каб прадпрыемства працавала належным чынам. І за сваю стараннасць вось і атрымалі судовы пераслед», - тлумачыць Яўген Басарэўскі.

Ён зазначае, што за гады працы ўсе праверкі на прадпрыемстве праходзілі без нейкіх заўвагаў, а апошнія праверкі, якія і выявілі нібыта парушэнні, праводзіліся якраз у той час, калі і выбары ў мясцовыя саветы.

Пасля правядзення экспертыз суд працягне разгляд крымінальнай справы.

 

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства