Алеся Кіркевіча перавялі з ізалятара КДБ у турму на Валадарцы
Стала вядома, што гарадзенца Алеся Кіркевіча, асуджанага па крымінальнай справе аб так званых “масавых беспарадках” у Мінску 19 снежня да чатырох гадоў зняволення, перавялі з сталічнага ізалятара КДБ у турму на вуліцы Валадарскага. 10 траўня ён меў спатканне з жонкай Надзеяй Крапівінай, але калі яна прыехала наступным днём у ізалятар КДБ, высветлілася, што яе мужа там ужо няма. Цягам дня Надзея дамагалася інфармацыі і ўрэшце ёй паведамілі, што Кіркевіча перавялі ў турму на Валадарцы для адбывання тэрміна пакарання. Маці Алеся Кіркевіча спадарыня Ларыса спадзяецца, што на новым месцы яе сын будзе атрымліваць больш інфармацыі. Раней, калі ён сядзеў у следчым ізалятары, яму не даходзілі некаторыя адрасаваныя газеты. Ён атрымліваў толькі “Вечерний Гродно”, выпісаны маці, а таксама “Звязду” і “Белгазету”, якія выпісаў сам.
“Праваабарончая хроніка”