viasna on patreon

У Бялыніцкім раёне праблема сацыяльнага сіротства з’яўляецца вельмі актуальнай

2011 2011-05-07T13:54:15+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/dzeci-kruyda.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Праблема сацыяльнага сіротства з’яўляецца адной з самых балючых заган беларускага грамадства. Колькасць сацыяльных сірот у нашай краіне, на вялікі жаль, пастаянна павялічваецца. У Бялыніцкім раёне Магілёўскай вобласці, дзе пражывае толькі крыху больш за дваццаць адну тысячу чалавек, на пачатак сакавіка 2011 года зарэгістраваны 203 хлопчыкі і дзяўчынкі, якія засталіся без бацькоўскага клопату і ўвагі.

Безумоўна, дзяржава не пакінула гэтых дзетак без дагляду. З агульнай колькасці 69 дзяцей жывуць у прыёмных і апякунскіх сем’ях, 16 – вучацца ў Бялыніцкім прафесійным ліцэі № 17, астатнія пастаянна пражываюць і выхоўваюцца ў мясцовай дапаможнай школе-інтэрнаце для дзяцей сірот.

Ужо ў гэтым годзе у рамках праграмы міжнароднага нацыянальнага ўсынаўлення трое выхаванцаў Бялыніцкай дапаможнай школы-інтэрната для дзяцей сірот і дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, змаглі набыць сабе сем’і за мяжой.

Шмат праблем з забеспячэннем дзяцей усім неабходным узнікае пры выхаванні ў прыёмных і апякунскіх сем’ях. Усяго ў Бялыніцкім раёне зарэгістраваны 31 прыёмная і 14 апякунскіх сем’яў, у якіх выхоўваюцца адпаведна 53 і 16 дзяцей. У першую чаргу гэта звязана з недахопам сродкаў, якія дзяржава выдзяляе для ўтрымання дзіцяці.

Распавядае Галіна Літвінава, прыёмная маці з аграгарадка Вішоў Бялыніцкага раёна:

- Зараз мы з мужам выхоўваем адну прыёмную дзяўчынку, але зусім нядаўна ў нас на выхаванні было трое дзяцей. Усе яны з адной біялагічнай сям’і, іх бацькі былі пазбаўлены бацькоўскіх правоў. К дзецям я адношуся як к сваім родным, таму, хоць двое хлопчыкаў ужо скончылі базавую школу і паехалі вучыцца далей у Магілёў, яны прыязджаюць па-ранейшаму да мяне на выхадныя як да роднай маці. І іх патрэбна заўсёды сустрэць і накарміць. Дапамогу ж мы атрымліваем толькі на дзяўчынку. Зараз яе памер не так даўно павялічылі, плацяць 406 тысяч рублей, зусім нядаўна атрымлівала ўсяго 297 тысяч. Але і гэтых 406 тысяч, паверце мне, хапае толькі на ежу для дзіця, вопратку і ўсё іншае мы з мужам для яе набываем за кошт уласных пенсій. Зараз жа кошты на прадукты наогул растуць шалёнымі тэмпамі, цэны на садавіну і гародніну, якія неабходныя для нармальнага развіцця дзіцяці,  проста зашкальваюць. Не ведаю, як далей будзем выкручвацца.

Магчыма, з-за ўсіх гэтых праблем за мінулы 2010 год у Бялыніцкім раёне ў апякунскія сем’і ўладкаваны  ўсяго толькі чацвёра дзяцей. Яшчэ па аднаму дзіцяці былі накіраваны ў Дом дзіцяці, абласную кадэцкую школу-інтэрнат, Магілёўскі дзяржаўны прафесійна-тэхнічны каледж.

“Праваабарончая хроніка”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства