ДзяржСМІ супярэчаць адно аднаму
У беларускіх чытачоў ужо даўно не выклікае здзіўленне, што ў дзяржаўных і недзяржаўных выданнях можна прачытаць супярэчліваю інфармацыю пра адну і тую ж з'яву. Напрыклад, дзяржаўныя журналісты рапартуюць, што ўсе выдатна — палі каласяцца, заводы працуюць, валюты хапае, народ ўсім задаволены. І тут жа ў недзяржаўных выданнях даведваемся, што не ўсе так гладка ды прыгожа. Пра правы чытачоў на аб'ектыўную і праўдзівую інфармацыю дзяржаўныя журналісты часам забываюць.
Але дайшло да таго, што нават пра мясцовыя навіны ў мясцовых выданнях (прынамсі, гомельскіх) можна прачытаць абсалютна супярэчліваю інфармацыю. Напрыклад, афіцыйнае агенцтва БелТА аптымістычна паведаміла чытачам, што «аб'ем даходаў бюджэту Гомельскай вобласці у студзені-сакавіку 2011 года склаў 819 млрд. рублёў, ці на 65% больш у параўнанні з аналагічным перыядам 2010 года». Агенцтва дадае, што за тры месяцы ў вобласці выкананы усе асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця. І яшчэ добрая навіна: у Гомельскай вобласці за студзень-сакавік колькасць стратных прадпрыемстваў знізілася з 146 да 110. Здавалася б — жыві і радуйся, так усе цудоўна ды паспяхова складваецца ў эканоміцы вобласці! Але пасля артыкулу ў мясцовым «Вячэрнім Гомелі» нават не ведаеш, што думаць. Напрыклад, аўтар артыкулу пасля таго ж паседжання па падсумаванні вынікаў сацыяльна-эканамічнага развіцця піша, што «хоць колькасць стратных прадпрыемстваў знізілася да 162 з 208 (у мінулым годзе), але сума стратаў значна павялічылася і дасягнула 156,5 млрд. рублёў (у мінулым годзе гэта лічба была 97,6 млрд. рублёў).
Заўважце, што нават колькасць стратных прадпрыемстваў у выданнях прыводзіцца розная — за той самы перыяд — студзень-сакавік. Па версіі БелТА, іх засталося 110, а па дадзеных «Вячэрняга Гомеля» - 162, не кажучы ўжо пра сумы стратаў.
І ў гэты ж час, калі ў выданнях такая, мякка кажучы, супярэчлівая інфармацыя, а наогул — непраўдзівая, дзяржаўныя газеты салідарныя толькі ў такіх рэчах, як абліць брудам незалежных журналістаў, прынамсі, Паўла Шарамета і Аляксандра Класкоўскага і бяздоказна пісаць: «Шеремет врет!».
"Праваабарончая хроніка"