Шклоўская раёнка ганьбіць інтэрнэт-сайт “Беларускі партызан” і Паўла Шарамета
У перадсвяточна-першамайскім нумары шклоўскай раённай газеты “Ударны фронт” ад 30 красавіка надрукаваны артыкул Кірыла Старыкава “Шеремет – позорник”, які ганьбіць вядомага беларускага журналіста і ўзначальваемы ім інтэрнэт-сайт “Беларускі партызан”. Аўтар абвінавачвае Паўла Шарамета ў ілжывасці і подласці, і піша пра тое, што журналіст “заслуживает двойного плевка”.
У гэтым жа нумары раённая газета змясціла віншаванне жыхароў раёна з 1 траўня ад імя Шклоўскага райвыканкама і райсавета, а таксама віншаванні з боку гэтых жа ўстаноў супрацоўнікаў і ветэранаў газеты “Ударны фронт” з Днём друку. У віншаванні журналістам, у прыватнасці, гаворыцца: “Взвешенная и всесторонняя информация о динамике развития нашего района, актуальность обсуждаемых тем, оригинальность в подаче материалов, требовальность к качеству выпускаемых в печать материалов с каждым годом привлекают к газете всё больше читателей”. Прачытаўшы пасквіль Кірыла Старыкава “Шеремет – позорник”, чамусьці не вельмі верыцца, што “Ударны фронт” вызначаецца такімі станоўчымі якасцямі, бо толькі вельмі нізкапробная газета можа дазволіць сабе перадрукаваць подленькі і хамскі артыкул, у якім абражаецца клега-журналіст напярэдадні прафесійнага свята.
Артыкул Кірыла Старыкава, але ўжо пад іншай назвай - “Поборник “свободы слова» - быў надрукаваны і ў круглянскай раённай газеце “Сельскае жыццё”. Раней гэта газета ўжо вызначалася тым, што перадрукоўвала пасквілі на незалежных журналістаў Паўла Шарамета і Аляксандра Класкоўскага з рэспубліканскіх выданняў “Народная газета” і “Рэспубліка”.
Вельмі сумна, што раённыя газеты поначы Магілёўшчыны з такім імпэтам падхопліваюць эстафету па паліванні брудам сваіх калег з дэмакратычных выданняў. Вось бы яны такую актыўнасць праяўлялі ў асвятленні недахопаў у дзейнасці органаў мясцовай выканаўчай улады, распавядалі аб парушэнні правоў працоўных вяскоўцаў, якія часцяком за мізэрны заробак працуюць без выходных месяцамі, альбо ўзгадвалі пра састарэлых грамадзян, якія ў сваіх састарэлых хацінах бяз усялякіх камунальных зручнасцей дажываюць свой век. Але гэтыя праблемы раёнкі не вельмі хвалююць…
“Праваабарончая хроніка”