У Мінску прайшла акцыя "Стоп бензін", міліцыя затрымлівала арганізатара
Арцём Шаркоў паспеў заправіць 2 літры бензіну і разлічыцца купюрамі ў 10, 20 і 50 рублёў. Неабходныя 6600 нават не пралезлі ў акенца касіра.
Рэспубліканская акцыя "Стоп бензін 2" прайшла 28 красавіка ў Мінску і іншых гарадах краіны. Аўтамабілісты пратэставалі супраць павышэння коштаў на паліва.
Акцыю ініцыявала ўстанова "За аўто". Як паведаміў Еўрарадыё адзін з арганізатараў Арцём Шаркоў, людзі мусілі сабрацца на трох аўтазаправачных станцыях горада і пасля арганізавана выехаць на праспект Незалежнасці, каб прыблізна ў 19.30 рухацца ў бок Нацыянальнай бібліятэкі. Там яны планавалі падпісаць калектыўны зварот да кіраўніка краіны.
Яшчэ за некалькі гадзінаў да пачатку акцыі Шаркоў быў выкліканы ў міліцыю і даў падпіску пра тое, што ён "ведае беларускае заканадаўства". "І калі будуць нейкія парушэнні яго, то я траплю пад адміністрацыйную адказнасць адназначна, а магчыма і пад крымінальную", — распавёў актывіст у жывым эфіры Еўрарадыё.
Акцыя аўтамабілістаў супраць павышэння коштаў на паліва пачалася ў 18 гадзінаў. Арцём Шаркоў і іншыя кіроўцы заправіліся па 2 літры і разлічыліся купюрамі ў 10, 20 і 50 рублёў. Неабходныя 6600 нават не пралезлі ў акенца касіра, таму даводзілася перадаваць грошы кавалкамі.
Планавалася, што ў 19.30 аўтамабілісты выедуць на праспект Незалежнасці і з хуткасцю 45-55 км/г праедуць да Нацыянальнай бібліятэкі. Але яшчэ на запраўцы непадалёк ад завода “Крышталь” да Шаркова падышлі супрацоўнікі міліцыі і пасля размовы прапанавалі праехаць у РАУС.
Тым не менш марш аўтамабілістаў па праспекце Незалежнасці ўсё ж адбыўся. Аднак ДАІшнікі спынялі ўсе машыны, на якіх бачылі налепкі акцыі. Да Нацыянальнай бібліятэкі, дзе меўся адбыцца сход аўтамабілістаў даехаў толькі з дзясятак машын. Да іх адразу ж падыйшлі спецназаўцы і загадалі ад'язджаць. Тэрыторыю вакол бібліятэкі яны паабяцалі агарадзіць.
Арганізатар акцыі “Стоп-Бензін -2” Арцём Шаркоў быў прывезены ў Ленінскі РАУС Мінска. Высветлілася, што кіраўніка ўстановы “За Аўто” затрымалі для "высвятлення асобы". Пасля Шаркова выпусцілі і ён прыехаў да Нацыянальнай бібліятэцы, адкуль ўсе ўдзельнікі акцыі "Стоп бензін-2" накіраваліся да цэнтру "ХХІ стагоддзе".