У Гродне на ўгодкі Чарнобылю замест памятных мерапрыемстваў -- канцэрт “ВіаГры”
Гродзенскія ўлады праўдападобна ніяк не адрэагуюць на 25-я ўгодкі сумнай даты – катастрофы на Чарнобыльскай атамнай станцыі. Ніякай інфармацыі і напаміну на афіцыйным сайце Гродзенскага гарвыканкаму пра гэта няма. Апошнія навіны на ім датычаць “Золотой шайбы” і справаздачна-выбарчай канферэнцыі БРСМ. Нічога, прысвечанага чарнобыльскай трагедыі, няма і на сайце Гродзенскага аблвыканкаму ў “Плане мероприятий с 25 апреля по 1 мая 2011 года”. Замест жалобных і памятных акцый у горадзе над Нёманам у мясцовым Лядовым палацы запланаваны канцэрт поп-гурта “Віа-Гра”. Відавочна, што ні адміністрацыя спартовага комплексу, ні ўлады нават не задумаліся пра недарэчнасць такога канцэрту ў трагічную і сумную для Беларусі дату.
Пакуль невядома, ці адзначыць нейкім чынам угодкі катастрофы грамадскасць. Нагадваем, што Гродзенскі гарвыканкам па недарэчных падставах адмовіў Гродзенскай гарадской арганізацыі Партыі БНФ у правядзенні інфармацыйнага пікету.
“Праваабарончая хроніка”