У Баранавічах пададзена заяўка на чарнобыльскі пікет
Баранавіцкія грамадскія актывісты Вячаслаў Болбат, Віктар Сырыца і Сяргей Гоўша накіравалі 9 красавіка ў гарвыканкам заяўку на правядзенне пікету з нагоды 25-х угодкаў чарнобыльскай катастрофы. Пікет мяркуецца правесці 26 красавіка а 17-й гадзіне на цэнтральнай гарадской плошчы.
Мэта пікетавання: інфармаванне грамадзян горада аб праблемах будаўніцтва Астравецкай атамнай станцыі у сувязі з трагедыяй на АЭС “Фукусіма-1” ў Японіі.
Праваабаронца Сяргей Гоўша адзначыў, што арганізатары пікету збіраюцца не толькі інфармаваць насельніцтва горада аб трагедыі на японскай АЭС, але, найперш, прыцягнуць увагу грамадскасці да наступстваў будаўніцтва Астравецкай АЭС і нявырашаных у нашай краіне чарнобыльскіх праблем.
Чарнобыльскі пікет – гэта першая спроба правесці ў Баранавічах масавае мерапрыемства пасля падзей 19 снежня.
“Праваабарончая хроніка”