Незалежныя журналісты ў Брэсце патрапілі ў "чорны спіс"?
Абвешчаныя футбольным клубам "Дынама" (Брэст) новыя правілы акрэдытацыі пазбавілі некаторых журналістаў магчымасці асвятляць пачатак футбольнага сезону.
Паводле прэс-службы брэсцкага "Дынама", новыя правілы ўведзены з мэтай "больш плённага супрацоўніцтва са СМІ, а таксама ў мэтах стварэння максімальна спрыяльных умоў для працы журналістаў".
10 красавіка стадыён "Брэсцкі"
быў зачынены для пазаштатнага карэспандэнта "Брестской газеты" Эдуарда
Белемука, фатографа Міланы Харытонавай з інфармацыйнага агенцтва БелаПАН, а
таксама Андрэя Дубінкі з інтэрнэт-выдання champ.by
Пры падачы заяўкі на акрэдытацыю, паводле новых правілаў, прадугледжана
наяўнасць службовага дакументу. Для карэспандэнтаў, якія працуюць па-за штатам,
цяпер стала амаль немагчыма атрымаць дазвол.
Мілана Харытонава не атрымала акрэдытацыю "па тэхнічных прычынах":
факс з пададзенымі дакументамі нібыта згубіўся.
"У адміністратыўным корпусе сказалі мне "не маячце тут, у нас і так
быў загад вас не пускаць". З інсайдэрскай крыніцы мне стала вядома, што
такі загад быў аддадзены Уладзімірам Базанавым, з мэтай не дапусціць на стадыён
журналістаў, якія яшчэ невядома што напішуць/сфатаграфуюць", — распавяла
фатограф БелаПАН ў сваім блозе.