Збітых расіянамі Гапонавым і Брэўсам 15 спецназаўцаў звальняць не збіраюцца
Такі адказ атрымаў старшыня Магілёўскай абласной арганізацыі БНФ “Адраджэньне” Зміцер Салаўёў ад камандзіра паўка міліцыі спецыяльнага прызначэння Галоўнага ўпраўлення ўнутраных спраў Мінгарвыканкама спадара Лукомскага.
Нагадаем, што 3 сакавіка Зміцер Салаўёў накіраваў ліст міністру ўнутраных справаў Анатолю Куляшову ў якім прасіў неадкладна звольніць з шэрагаў міліцыі наступных яе супрацоўнікаў: Булавацкага, Скараход, Кудраўца, Кшталанава, Івашка, Волкава, Зянкевіча, Далідовіча, Комара, Сапач, Палавінкіна, Лявіцкага, Масальскага, Піліпейку, Караваева, як не адпавядаючых высокім патрабаваньням ваенаслужачага войск спецыяльнага прызначэньня.
Нагодай для іх звальнення, на думку Зміцера Салаўёва, з’яўляецца іх поўная маральная і фізічная разбэшчанасць, бо як людзі спецыяльна падрыхтаваныя, узброеныя спецсродкамі і ў колькасці 15 чалавек могуць быць збітыя двума юнакамі?
Зміцер Салаўёў адзначае, што згодна адказу ў пісьме, інфармацыя, якая была пазначана ў яго звароце не знайшла пацвярджэння.
“Калі інфармацыя не пацвердзілася ў выніку ўнутранай праверкі, то згодна гэтага адказу спецназаўцы хлусілі ў судзе пад прысягай. За гэта іх трэба прыцягваць да адказнасці, як асоб, якія давалі хлуслівыя паказанні. Расіян жа трэба апраўдваць, бо іх абвінавачанне будавалась на хлуслівых сведчаннях. Як мы бачым з адказу спецназаўцаў - ніхто іх не збіваў”, - гаворыць Зміцер Салаўёў.
Нагадаем, 10 сакавіка суд Маскоўскага раёну Менску пакараў грамадзянаў Расеі Івана Гапонава і Арцёма Брэўса штрафамі па 10,5 мільёнаў рублёў кожнага за ўдзел у Плошчы 19 снежня. Супраць іх сведчылі 15 амапаўцаў.
“Праваабрончая хроніка”