Раман Кісляк накіраваў скаргу генпракурору
Брэсцкі юрыст-праваабаронца Раман Кісляк накіраваў скаргу Генеральнаму пракурору Рэспублікі Беларусь.
Праваабаронца просіць прыцягнуць да адказнасці дзяжурнага Ленінскага РАУС г. Брэста Івана Каліту і прызнаць яго дзеянні па прымяненні фізічнай сілы 28 сакавіка ў адносінах да Кісляка неправамернымі і ўшчамляючымі яго права не падвяргацца фізічным катаванням і жорсткаму абыходжанню ў парушэнне арт. 7 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.
Таксама праваабаронца просіць прыняць меры па папярэджанні такіх фактаў у будучым. Абавязаць кіраўніцтва Ленінскага РАУС Брэста праводзіць рэгулярнае навучанне супрацоўнікаў дзяжурнай часткі і іншых падраздзяленняў нормам заканадаўства аб прымяненні фізічнай сілы.
Нагадаем, што Раман Кісляк быў затрыманы супрацоўнікамі Ленінскага РАУС Брэста 28 сакавіка падчас раздачы бюлетэня “Не бойцеся!” Яго адвезлі ў Ленінскі РАУС, дзе канфіскавалі бюлетэні і сілай спрабавалі ўзяць адбіткі пальцаў. Пры гэтым нанеслі траўму кісці правай рукі, што зафіксавана ў траўмапункце Цэнтральнай гарадской бальніцы Брэста.
З аналагічнай заявай Кісляк звярнуўся і ў пракуратуру Ленінскага раёна г.Брэста.
“Праваабарончая хроніка”