viasna on patreon

International Herald Tribune: "Савецкае водгульле" ў Беларусі

2011 2011-03-31T20:16:35+0300 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/vilkin.jpg

Такую мэтафару – "савецкае водгульле" – выкарыстоўвае сёньняшняе выданьне International Herald Tribune адносна таго, што адбываецца ў Беларусі пасьля 19 сьнежня 2010.

На агульным фоне перасьледу апазыцыйных актывістаў у Беларусі журналіст Майкл Швірц прадстаўляе лёс Андрэя Вількіна, дацэнта катэдры фізычнага выхаваньня Беларускага нацыянальнага тэхнічнага ўнівэрсытэту і старшыню фэдэрацыі каратэ-шатакан, які быў вымушаны звольніцца з працы таму, што ён і ягоная жонка, Сьвятлана, былі арыштаваныя 19 сьнежня падчас антыпрэзыдэнцкай дэманстрацыі ў Менску.

Швірц падкрэсьлівае, што сям’я Вількіных ня мела ніякіх сувязяў з апазыцыяй і што 19 сьнежня яны бралі ўдзел у вулічнай дэманстрацыі ўпершыню.

"Вы мусіце быць ляяльным. Мы парушылі гэтае правіла і цяпер апынуліся па-за гульнёй" – International Herald Tribune цытуе Андрэя Вількіна.
Пасьля арышту спадар Вількін правёў Каляды, Новы год і адзначыў свой 52-гі дзень нараджэньня ў СІЗА Жодзіна. Ён сказаў газэце, што ў турме яго часам білі і абражалі, але ён не адбіваўся. Ён таксама паведаміў, што ён з сукамэрнікамі падкарочваў час, гуляючы ў шахматы, зьлепленыя з хлеба, пакуль наглядчык не знайшоў іх і ня выкінуў.

Арышт і страта працы, відавочна, зьмяніла погляд спадара Вількіна на рэчаіснасьць у Беларусі. Артыкул у International Herald Tribune завяршаецца такой ягонай рэфлексіяй:

"Мы нарадзіліся ў гэтай краіне і мы сапраўды яе любім. І мы лічым, што яна заслугоўвае лепшых жыцьцёвых стандартаў і лепшага разьвіцьця, чым цяпер. Каб дасягнуць гэтага, патрэбная нейкая зьмена".

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства