Баранавіцкае ўпраўленьне КДБ узбудзіла чарговую крымінальную справу супраць лідэра Маладога Фронту Сяргея Марчыка
10 красавіка супраць Сяргея Марчыка з Баранавіч узбуджана крымінальная справа па арт. 193-1 КК РБ - дзейнасьць ад імя незарэгістраванай арганізацыі.
13 красавіка на кватэрах Сяржука Марчыка і актывістаў Андрэя Юруця і Віктара Кіслюка сьледчыя органы правялі ператрусы, канфіскавалі маладафронтаўскія матэрыялы і выданьні дэмакратычнага руху, а таксама прыватную аргтэхніку. Крымінальная справа заведзеная пакуль што толькі на Сяржука Марчыка, астатнія праходзяць па ёй у якасьці сьведкаў.
У сувязі з беспрэцыдэнтным крымінальным перасьледам актывістаў Маладога Фронту, кіраўніцтва руху заклікае ўсіх сябраў дэмакратычнага руху Беларусі, а таксама проста палітычна актыўных людзей падпісацца пад зваротам да ўладаў з патрабаваньнем неадкладна спыніць ціск на дэмакратычных актывістаў.
Aктывісты Маладога Фронту ні ў якім выпадку не намераны спыняць сваю дзейнасьць. Таму, што Малады Фронт - беларускi маладзёвы рух, якi грунтуецца на патрыятызме i хрысьцiянскiх прынцыпах, дзейнiчае законнымi негвалтоўнымi мэтадамi і выступае за дэмакратыю і свабоду, паведаміла прэс-служба моладзевай арганізацыі.