У Барыса Хамайды забралі недзяржаўныя газеты і часопісы, якія ён распаўсюджваў
У судзе Чыгуначнага раёна распаўсюдніку незалежнай прэсы прысудзілі штраф памерам 1 050 000 рублёў. Але пра канфіскацыю друкаваных СМІ ў судовай пастанове не было ані слова, таму актывіст лічыць, што яго маёмасць утрымліваецца ў райаддзеле міліцыі незаконна.
Супрацоўнікі Чыгуначнага РАУС затрымалі Барыса Хамайду за тое, што незалежныя выданні ён распаўсюджваў пад бел-чырвона-белым сцягам. Суддзя Чыгуначнага райсуду Уладзіслаў Шыкароў пастанавіў аштрафаваць распаўсюдніка на 30 базавых велічынь за арганізацыю і правядзенне несанкцыянаванага пікету.
— Калі мне зачыталі пастанову, я спытаў у суддзі, калі я магу забраць свае рэчы, якія супрацоўнікі міліцыі загадалі пакінуць пасля затрымання. Гэта газета «Наша Ніва», часопісы «ARCHE», кнігі пра беларускую гісторыю, а таксама бел-чырвона-белы сцяг. Суддзя Шыкароў сказаў, што гэта будзе вырашацца праз 10 дзён, цягам якіх я маю права абскарджваць судовае рашэнне. Але ж суд нічога пра мае рэчы не вырашаў: не было рашэння пра канфіскацыю. Адпаведна, маю маёмасць утрымліваюць незаконна, — разважае Барыс Хамайда.
Распаўсюднік кажа, што ў міліцыі застаўся нават столік, на якім ён раскладаў назалежныя выданні. Вызначаючы рэчы, якія маглі б стаць доказам у судовым працэсе, супрацоўнікі міліцыі хацелі забраць таксама тэрмас і валёнкі, але ўмяшаўся нехта з міліцэйскага кіраўніцтва, сказаўшы, што гэта ўжо занадта.