Уладзімір Тоўсцік падаў у суд скаргу на Мінюст
Адвакат Уладзімір Тоўсцік, што абараняў журналістку Ірыну Халіп, падаў скаргу ў суд Маскоўскага раёну Мінска на дзеянні Міністэрства юстыцыі.
Як вядома, кваліфікацыйная камісія гэтага міністэрства пазбавіла адвакацкіх ліцэнзій Уладзіміра Тоўсціка, Алега Агеева, Таццяну Агееву і Тамару Гараеву.
Трое з іх абаранялі фігурантаў так званай
справы аб масавых непарадках 19 снежня 2010 году ў Мінску.
Падабароннай Уладзіміра Тоўсціка была Ірына Халіп – журналістка і жонка
кандыдата ў прэзідэнты Андрэя Саннікава. Адвакат быў пазбаўлены ліцэнзіі нібыта
за адмову яе абараняць, з чым ён катэгарычна не згодзен. Паседжанне
кваліфікацыйнай камісіі прайшло без удзелу адваката. Таму ён не мог даць сваіх
тлумачэнняў.
-Яны могуць не выклікаць. Аднак гэта такое пытанне, якое патрабуе выяснення. Аб выніках яны паведамілі толькі па факце. Мінюст у судовым паведамленні тлумачыцца толькі тым, што я адмовіўся абараняць Халіп і больш нічым. Падстава, ўказаная ў дакуменце – адмова ад абароны – не мела месца. Яна сама заяву напісала аб адмове, як можна адмовіцца ад абароны калі асоба сама адмаўляецца афіцыйна. Прычыны і ўсё іншае я не каментую.
Па словах Уладзіміра Тоўсціка, за 8 гадоў сваёй адвакацкай практыкі ён упершыню сутыкаецца з выпадкам такіх рэпрэсій у адносінах да адвакатаў. Ён упэўнены ў сваёй пазіцыі і праваце, але канчатковае рашэнне, па словах адваката, прыме суд. І што гэта будзе за рашэнне, ён прагназаваць не бярэцца. Скарга, паводле заканадаўства, павінна быць разгледжана на працягу месяца.