У Алеся Кіркевіча ў турме абвастрыліся праблемы з сэрцам
Стан здароўя намесніка старшыні Маладога Фронта Алеся Кіркевіча, які бягучым часам знаходзіцца ў следчым ізалятары КДБ па абвінавачванню ва ўдзеле ў масавых беспарадках 19 снежня, выклікае занепакоенасць родных і блізкіх дэмакратычнага актывіста.
У сувязі з гэтым ягоная маці Ларыса Кіркевіч мае намер прыкласці намаганні дзеля таго, каб змяніць сыну ўмовы ўтрымання на падпіску аб нявыездзе:
-- У адным з апошніх лістоў ён скардзіўся, што ў яго праблемы з сэрцам. Хаця прасіў не хвалявацца, што ўсё ў яго гэта пройдзе. Але ж прасіў выслаць яму лістом выпіскі з медычнай карты, з абследвання, якое яму рабілі ў 2009 годзе. Тады ваенкамат накіраваў яго на медычнае абследванне і ён знаходзіўся ў кардыялогіі. У яго знайшлі праблемы з сэрцам і падвышаны кравяны ціск.
Алесь Кіркевіч быў арыштаваны супрацоўнікамі КДБ 28 студзеня. Да гэтага часу ён знаходзіцца пад арыштам - юнака абвінавачваюць у здзяйсненні злачынства, прадугледжанага артыкулам 293 крымінальнага кодэкса Рэспублікі Беларусь, нібыта за актыўны ўдзел у масавых беспарадках.