Шосты раз дапыталі Юльяна Місюкевіча
Супрацоўнікі КДБ 9 лютага прывезьлі Юльяна
Місюкевіча з унівэрсытэту на допыт.
Напачатку лекцыі а 15:45 юнака выклікалі ў дэканат фізычнага факультэту БДУ,
дзе навучаецца хлопец. Праз нейкі час туды падышлі супрацоўнікі КДБ і адвезьлі
маладафронтаўца ў будынак КДБ для допыту у якасьці сьведкі па крымінальнай
справе аб масавых беспарадках 19 сьнежня 2010 г. Падобным чынам юнака прывозілі
на допыт 6 студзеня, пасьля чаго хлопец на 12 сутак апынуўся ў турме.
На вахце, як і ў мінулы раз, Юльяна не адразу прапусьцілі. "У двор КДБ
мяне завезьлі на машыне і вахтор з аховы доўгі час не хацеў афармляць пропуск,
бо фактычна я не праходзіў праз ягоны чацьвёрты пункт, а быў завезены
нелегальна на машыне, — узгадвае Юльян Місюкевіч. — Раней я наракаў, што
чэкісты мяне заўсёды вязуць учатырох, але гэтым разам у машыне сядзелі толькі
тры супрацоўнікі Камітэту."
Маладафронтаўцу давялося прыблізна гадзінку чакаць, пакуль вызваліцца сьледчы і
пачнецца допыт. За гэты час маёр Дзем'яновіч, які раней кіраваў вобшукам на
кватэры хлопца, пачаставаў юнака каваю з шакаладкаю. Непасрэдна допыт праводзіў
сьледчы КДБ Бычак, які ў той жа дзень дапытваў жонку Алеся Кіркевіча Надзею Крапівіну.
"Пра што мяне пытаў сьледчы казаць ня буду, бо даваў падпіску аб
неразгалошваньні. Але магу сказаць, аб чым не пытаў. Супрацоўнікаў КДБ падчас
сёньняшняй гутаркі не цікавіла, ці бачыў я, хто біў шкло на плошчы
Незалежнасьці, ці магу іх апазнаць," — апавядае маладафронтавец.
Юльян Місюкевіч адзначае, што з нагоды масавых беспарадкаў гэта была шостая і,
дарэчы, самая ветлівая размова з супрацоўнікамі праваахоўных ворганаў (калі да
такіх залічваць КДБ).
"Допыт цягнуўся дзьве гадзіны, з-за яго я прапусьціў дзьве цікавыя лекцыі.
Аднак на вучобе, спадзяюся, праблемаў больш ня будзе. Зімовыя іспыты здаў
падчас сэсіі — не дарэмна мне перадалі квантавую механіку на акрэсцінскія нары.
У цяперашнім сэмэстры, дасьць Бог, буду атрымліваць стыпендыю. Вядома, хачу
скончыць родны ўнівэрсытэт на роднай зямлі," — камэнтуе Юльян Місюкевіч.