viasna on patreon

У Магілёве будуць судзіць за салідарнасьць

2011 2011-02-08T09:03:35+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be

Сёньня суд Ленінскага раёну Магілёва разгледзіць адміністрацыйную справу супраць трох удзельнікаў акцыі салідарнасьці, якая адбылася 16 студзеня. Сябраў партыі БНФ Валянціна Лабачова, Сяргея Нягаціна ды беспартыйную шматдзетную маці Натальлю Шкадун вінавацяць ў тым, што яны ўдзельнічалі ў несанкцыянаваным пікетаваньні. Актывістам пагражае штраф, альбо адміністрацыйны арышт.

Дзевятнаццацігадовы фронтавец Валянцін Лабачоў ўжо мае адміністрацыйнае пакараньне за ўдзел у акцыях пратэсту апазыцыі. Паўгода таму яго аштрафавалі на пяць базавых велічыняў. Вінаватым сябе у тым, што ўдзельнічаў у магілёўскай акцыі салідарнасьці не прызнае. Ад суда паблажлівасьці не чакае:

“Я выказваў сваю грамадзянскую пазыцыю, на тое мне дае права Канстытуцыя. Хутчэй за ўсё прысуд ужо вынесены. Штраф будзе велізарным, бо я зьяўляюся прадстаўніком апазыцыі. У нас усе грамадзкія ініцыятывы падаўляюцца”, зазначае Валянцін Лабачоў.

Сяргея Нягаціна зьбіраліся судзіць 27 студзеня, потым 28-га. Судзьдзя Станіслаў Шэндаровіч спаслаўшыся на занятасьць адмовіўся разглядаць справу супраць Нягаціна. Як кажа сам актывіст ад разгляду справы з розных прычынаў ухіліліся і яшчэ двое судзьдзяў. Справу ўзялася разглядаць старшыня Ленінскага суда Галіна Кужалева.

“Старшыня суду абавязаная разглядаць гэтую справу. Усе астатнія ж баяцца бо яна мае палітычны падтэкст. Гэта будзе мець вялікі водгук ня дужа прыемны для іх. Магілёўскія судзьдзя ня хочуць быць няўязнымі ў Эўропу”, мяркуе Сяргей Нягацін.

Ня лічаць сябе вінаватай і шматдзетная маці Натальля Шкадун. 16 студзеня на пешаходнай вуліцы Ленінскай яна стаяла з партрэтамі Лябедзькі й Статкевіча. Палітыкі тады трымалі галадоўку ў ізалятары КДБ. “Гэтую праўду я і намагалася данесьці да суграмадзян”, кажа Натальля Шкадун:

“Паколькі я перад гэтым таксама галадала, бо былі парушаныя мае правы, і ведаю на колькі гэта цяжка мне хацелася іх проста падтрымаць і сказаць ім, каб яны спынілі галадоўку”.

Магілёўская акцыя салідарнасьці стала апошняй для бабруйскага журналіста Яўгена Васьковіча. 17 студзеня яго арыштавалі. Цяпер ён у турме. Яго вінавацяць у злосным хуліганстве. Тэрмін зьняволеньня прыцягнуты на два месяцы. Яшчэ адзін ўдзельнік акцыі студэнт ўнівэрсытэту імя Куляшова меў гутарку з двума супрацоўнікамі ў цывільным. Пра гэта паведаміў сам хлопец, аднак папрасіў ягонае імя не называць. Бацькоў актывіста наведалі супрацоўнікі спэцслужбаў.

16 студзеня ў дзясятак сяброў Партыі БНФ і незарэгістраванай арганізацыі “Малады фронт”, а таксама актывісты кампаніі “Гавары праўду” і стваранай партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” правялі акцыю салідарнасьці з палітвязьнямі.

Пікет адбыўся на пешаходнай вуліцы Ленінскай. У руках кожны з удзельнікаў трымаў партрэты былых кандыдатаў у прэзыдэнты, іх давераных асобаў ды грамадзкіх актывістаў, якіх утрымліваюць за кратамі. Удзельнікі пікету раздавалі мінакам і газэту “Ня бойся”, прысьвечаную палітзьняволеным.

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства