Тацяна Севярынец скардзіцца ў Генпракуратуру і СІЗА КДБ
Тацяна Севярынец распавяла, што 31-га студзеня
напісала скаргу на імя намесьніка Генэральнага пракурора, бо адказы з
Генпракуратуры на яе ранейшыя скаргі яна лічыць абразьлівымі бюракратычнымі
адпіскамі.
Яна абураная тым, што яе мінулы зварот у Генэральную пракуратуру накіравалі ў
СІЗА КДБ — зноў у тую ж установу, дзе ёй адмовілі ў сустрэчы са зьняволеным
сынам. Такім чынам, лічыць Тацяна Севярынец, разьлічваць на станоўчы вынік не
выпадае: у СІЗА КДБ ёй ужо казалі, што сустрэчы з роднымі могуць дазваляцца,
але гэта залежыць ад рашэньня сьледчых па справе аб масавых беспарадках у
Менску 19 сьнежня.
У сваёй апошняй скарзе спадарыня Севярынец патрабуе, каб ёй пісьмова паведамілі
пра канкрэтныя прынятыя захады, а не абмяжоўваліся паведамленьнямі пра
перасылку дакумэнтаў па інстанцыях.
Яшчэ адну скаргу Тацяна Севярынец напісала ў СІЗА КДБ. Паводле адзінага
атрыманага ад Паўла ліста, ён так і не атрымаў лекі, якія яна перадала яму яшчэ
5-га студзеня. Маці палітыка лічыць абуральным такое стаўленьне да здароўя
зьняволеных.
Спадарыня Севярынец кажа, што адмыслова прыехала зь Віцебску ў Менск, каб
дамагчыся сустрэчы з сынам ці хаця б таго, каб яму перадалі лекі. 31-га
студзеня ў яе ўзялі чарговую перадачу для Паўла — цёплае адзеньне ды іншыя неабходныя
рэчы, — але маці ня ўпэўнена, што ўсё гэта Паўлу насамрэч перададуць.