Акцыя маўчаньня завяршылася затрыманьнямі
Толькі некалькі чалавек пасьпелі запаліць свечы на акцыі маўчаньня, якая распачалася ў Менску на Кастрычніцкай плошчы. Праз некалькі хвілінаў удзельнікаў акцыі разагналі. Затрымана 5 чалавек, сярод якіх Максім Вінярскі.
Яшчэ 9 чалавек было затрымана у падземным пераходзе станцыі “Плошча Леніна” па падазрэньні ў тым, што яны маглі накіравацца на акцыю.
20:18. Пад'ехаў аўтобус са спецназам. Людзі ў чорным затрымліваюць удзельнікаў акцыі, цягнучы іх у аўтобус. Затрымана найменей шэсць чалавек, а, магчыма, і болей. Затрыманы ў тым ліку хлопец на мыліцах, якога завуць Яраслаў.
20:14
Міліцыянты кажуць, што акцыя несанкцыянаваная. І палохаюць яе ўдзельнікаў наступствамі ў выглядзе адміністрацыйных справаў. Людзі ўспрымаўць гэта з хохатам. Маўляў, і памаўчаць разам нельга. Журналістаў просяць адысці на бяспечную адлегласць.
20:08
Прыйшоў хлопец на мыліцах, які заклеіў сабе рот крыж на крыж скотчам. Зараз прыкладна 30 удзельнікаў, але не кожны трымае свечку.
20:06
Чатыры чалавекі адважыліся запаліць свечкі.
19:58
Сабраліся журналісты. На плошчы ходзяць людзі з рацыямі. Удзельнікаў пакуль не бачна.