За акцыю салідарнасьці — 70 і 700 тысяч штрафу
Наваполацкі гарадзкі суд аштрафаваў
мясцовых актывістаў Віктара Калесьніка і Аляксандра Калінцава за акцыю
салідарнасьці 19 студзеня.
Актывісты выставілі насупраць мясцовага гарвыканкаму вялікі транспарант са
словамі "Свабоду зьняволеным!" і партрэтамі вязьняў СІЗА КДБ. За гэта
іх затрымалі міліцыянты.
Мінулую ноч спадары Калесьнік і Калінцаў правялі ў Наваполацкім ізалятары
часовага ўтрыманьня, а 20-га студзеня іхныя справы разьбіраў асабіста старшыня
Наваполацкага гарсуду Пётар Ляўчонак.
Віктара Калесьніка, які ў мінулую выбарчую кампанію быў даверанай асобай
кандыдата Андрэя Саньнікава, прызналі арганізатарам несанкцыянаванай акцыі. Яму
прысуджаны штраф памерам 20 базавых велічынь, што складае 700 тысяч рублёў.
Аляксандар Калінцаў, таксама прыхільнік Андрэя Саньнікава, паводле судовага
рашэньня мусіць выплаціць 2 базавыя велічыні — гэта 70 тысяч рублёў.
Абодва актывісты зьбіраюцца абскардзіць судовыя рашэньні.