viasna on patreon

«Тэмпэратура ў камэрах „амэрыканкі“ — каля 10 градусаў»

2011 2011-01-20T11:20:26+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/drot.jpg

Пра тое, што рэдактарка сайту «Хартыі-97» Натальля Радзіна захварэла на бранхіт, паведаміла яе маці Надзея са спасылкай на адвакатку, якая бачылася з Натальляй 18 студзеня падчас сьледчых дзеяньняў:

«У яе моцны кашаль, вельмі такі сухі кашаль. Я купіла лекі ад кашлю і сёньня перадала, прынялі ўсё», — паведаміла Надзея Радзіна.

Паводле Надзеі Радзінай, у лісьце ад дачкі, якія яна днямі атрымала, пра хваробу ані слова няма. Маці зьняволенай тлумачыць гэта тым, што ліст быў напісаны шмат дзён таму.

У сьледчай турмы КДБ «амэрыканка» гэта ўжо ня першы выпадак бранхіту сярод арыштаваных у справе 19 сьнежня. На мінулым тыдні стала вядома, што захварэў Уладзімер Кобец, кіраўнік выбарчага штабу Андрэя Саньнікава. Жонка Кобеца Ўльяна казала са спасылкай на адваката, што яе муж скардзіўся на тое, што ў камэры холадна, і прасіў перадаць яму цёплыя рэчы. Паводле Ўльяны Кобец, у турме зрабілі пэўныя захады для лячэньня Ўладзімера Кобеца:

«Ён перадаў адвакату, што яго перавялі ў іншую, цёплую камэру і паставілі на кантроль, за ягоным здароўем сочыць фэльчар».

Паводле зьвестак, у некаторых камэрах «амэрыканкі» даволі холадна. Пра гэта паведаміла Вольга Бандарэнка са спасылкай на зьвесткі ад сваякоў вязьняў, якія знаходзяцца ў «амэрыканцы» паводле іншых спраў:

Там плюс 10, кажуць. Я, праўда, не ўяўляю, як гэта яны дакладна вызначылі, бо наўрад ці там ёсьць градусьнікі.


«Там плюс 10, кажуць. Я, праўда, не ўяўляю, як гэта яны дакладна вызначылі, бо наўрад ці там ёсьць градусьнікі. Відаць, гэта паводле адчуваньняў вызначылі, што нізкая тэмпэратура».

Прынамсі, ад мужа Вольгі Зьмітра Бандарэнкі дагэтуль няма лістоў, хаця ад большасьці вязьняў хоць па адным лісьце сваякі атрымалі. Вольга Бандарэнка не выключае, што гэтак ёй помсьцяць за адмову ўгаворваць мужа зьмяніць пазыцыю адносна падзей 19 сьнежня.

19 студзеня некаторыя адвакаты працягвалі спробы патрапіць да сваіх падабаронных. У прыёмнай КДБ з раніцы чакаў сваёй чаргі адвакат Алеся Міхалевіча Алег Агееў. «Заняў чаргу першым, мінула палова дня — на тым жа месцы», — паведаміў «Свабодзе» адвакат. На момант падрыхтоўкі рэпартажу сустрэча адваката з былым кандыдатам у прэзыдэнты не адбылася.

Сёньня не сустракаліся з адвакатамі Андрэй Саньнікаў, Мікалай Статкевіч, Ірына Халіп . «Не выклікалі», — адказваюць адвакаты. 17 студзеня Тамара Сідарэнка, якая абараняе Ўладзімера Някляева, падала скаргу на імя начальніка «амэрыканкі» на тое, што не забясьпечана яе права на сустрэчы з падабаронным. Напярэдадні пракуратура Менску таксама ўказала кіраўніцтву ізалятара КДБ на тое, што там ня створаныя ўмовы для сустрэч адвакатаў з падабароннымі. Ці што зьмянілася сёньня, пытаюся ў адваката:

«Тую скаргу я напісала, якраз седзячы ў прыёмнай КДБ, у чарзе. І тады ж сьледчы атрымаў маё хадайніцтва, каб забясьпечылі права на сустрэчы. Вядома, няшмат часу мінула, але хоць якія-небудзь зрухі маглі б быць. Але іх няма».

Маці Андрэя Саньнікава Ала Ўладзімераўна кажа, што рада лісту ад сына, які атрымала ўчора, але разумее, што ўсяго напісаць ён ня можа:

«Адвакаты пакуль ня трапілі. Ва ўсякім разе, да яго і да Ірыны. А ліст… Мы ж разумеем, што гэта за лісты. Напішы ўсё, дык ліст ня дойдзе».

Як і маці Андрэя Саньнікава, сваякі іншых вязьняў кажуць, што атрымалі толькі адзін ліст зь некалькіх, якія пэўна былі ім адрасаваныя. Натальля Класкоўская, жонка арыштаванага Аляксандра Класкоўскага, атрымала ліст у амаль разарваным выглядзе:

«Напісаў, што шмат дасылаў лістоў, але дайшоў толькі гэты. Відаць, надарвалі і не зьбіраліся дасылаць, але нешта зьмянілася і ўсё ж адправілі».

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства