Аўтарадыё падае ў суд
Амаль усе супрацоўнікі "Аўтарадыё" адпраўленыя ў адпачынак. Пра гэта ў жывым эфіры Еўрарадыё паведаміў галоўны рэдактар мінскай радыёстанцыі Юрый Базан.
Па яго словах, Аўтарадыё падрыхтавала ў Вышэйшы гаспадарчы суд пазоў аб прызнаньні папярэджання неадпаведным рэчаіснасці.
Нагадаем, што 12 студзеня вяшчанне "Аўтарадыё" было спыненае рашэннем рэспубліканскай камісіі па тэлебачанні і радыёвяшчанні. Станцыю абвінавацілі ў распаўсюдзе экстрэмісцкіх заклікаў. Па словах Базана, дагэтуль невядома, якую ж інфармацыю чыноўнікі палічылі "экстрэмісцкай". Ён спадзяецца, што гэтыя звесткі прагучаць хаця б у судзе.
Базан спадзяецца на пазітыўнае для "Аўтарадыё" рашэнне суда. "Калі Рэспубліка Беларусь называе сябе прававой дзяржавай, то якраз гэта выпадак, калі памылку трэба паправіць", — перакананы ён.
Варыянт эміграцыі галоўны рэдактар не разглядае і лічыць магчымым аднавіць дзейнасць радыёстанцыі. Ён нагадаў, што "Аўтарадыё" ўжо зачынялі ў 1995 годзе. Тады вяртанне заняло 4 гады.