Спецыяльны дакладчык ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў праінфармаваны пра пераслед і запалохванні адвакатаў у Беларусі
Беларускі Хельсінскі Камітэт накіраваў паведамленне пра ціск, што аказваецца ўладамі на адвакатаў, якія ажыццяўляюць абарону абвінавачаных і падазраваных у арганізацыі масавых беспарадкаў 19 снежня 2010 г. і ўдзеле ў іх, а таксама аб іншых фактах пераследу і запалохвання адвакатаў у Беларусі Спецыяльнаму дакладчыку ААН па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў Габрыэле Кнауль.
Паводле рэзалюцыі Савета ААН па правах чалавека 8/6 ад 18 чэрвеня 2008 г., Спецыяльны дакладчык па пытаннях незалежнасці суддзяў і адвакатаў ўпаўнаважаны расследаваць усе прадстаўленыя яму істотныя сцвярджэнні пра замахі на незалежнасць адвакатаў.
Спецыяльны дакладчык ўжо наведваў Беларусь у 2000 г. У дакладзе, апублікаваным па выніках візіту, было адзначана, што «выканаўчая ўлада, у прыватнасці міністэрства юстыцыі, ажыццяўляе празмерны кантроль над юрыстамі. Такі кантроль падрывае галоўны сэнс незалежнасці юрыстаў і з'яўляецца парушэннем Асноўных прынцыпаў, якія тычацца ролі юрыстаў. Гэты кантроль вядзе да злоўжыванняў, вынікамі якіх становяцца абвінавачванні ў пераследзе, запалохванні і ўмяшанні з боку выканаўчай улады ... Спецыяльны дакладчык занепакоены пераследам некаторых адвакатаў за тое, што яны абараняюць сваіх кліентаў. Судовы пераслед або пагроза судовага пераследу адвакатаў за іх прафесійную дзейнасць супярэчыць прынцыпу 20 Асноўных прынцыпаў, якія тычацца ролі юрыстаў. Спецыяльны дакладчык лічыць, што пераслед гэтых адвакатаў за іх працу, звязаную з правамі чалавека, з'яўляецца парушэннем права на свабоду выказвання меркавання і парушэннем прынцыпу 14 Асноўных прынцыпаў, якія тычацца ролі юрыстаў. Юрыстам павінна быць прадастаўлена права займацца сваёй прафесійнай дзейнасцю без якіх-небудзь пераследаў, запужванняў, перашкод або неправамернага ўмяшання з боку ўрада ці якіх-небудзь іншых колаў. У гэтай сувязі ўраду варта памятаць аб сваіх абавязках згодна з прынцыпам 16, 17 і 18 Асноўных прынцыпаў, якія тычацца ролі юрыстаў».