Актывісты выбарчай кампаніі губляюць працу
У Асіповічах застаўся бяз працы сябра
ініцыятыўнай групы Ўладзімера Някляева Ігар Трэшчаў. Актывіст сьцьвярджае, што
звольнілі яго з-за ўдзелу ў перадвыбарчай кампаніі апазыцыйнага кандыдата ў
прэзыдэнты. Кіраўніцтва прадпрыемства прычынай спыненьня працоўных адносінаў
называе вытворчую неабходнасьць.
Ігар Трэшчаў пасьпеў адпрацаваць у перасоўнай мэханізаванай калёне № 95
райцэнтру паўгода. Абслугоўваў аргтэхніку. Нараканьняў на ягоную працу не было.
Паводле актывіста, праблемы пачаліся адразу пасьля выбараў:
"Супрацоўнікі пачалі гаварыць, што ты ўжо ў нас ня будзеш працаваць. У
дырэктара нейкія пытаньні ўзьніклі ў райвыканкаме. Яго туды выклікалі. Я
падышоў да дырэктара й канкрэтнае задаў пытаньне. Ён ня стаў мне нічога
тлумачыць. Сказаў, што мы з вамі больш ня будзем працаваць".
Карэспандэнт: "З чым зьвязваеце вы тое, што з вамі не працягнулі працоўных
адносін?"
Трэшчаў: "Ім не спадабалася, што мы задужа актыўна працавалі ў камандзе
Някляева. Агітацыяй займаліся. Подпісы зьбіралі. Буду цяпер нешта шукаць,
думаць. Можа, нехта й возьме куды-небудзь".
Дырэктар
ня стаў мне нічога тлумачыць. Сказаў, што мы з вамі больш ня будзем працаваць
У адміністрацыі прадпрыемства адмаўляюць палітычную матывацыю звальненьня
актывіста. Сьцьвярджаюць, што яно часовае. У прадпрыемства няма сродкаў, каб
аплаціць яго працу, тлумачыць прадстаўнік адміністрацыі:
"На сёньня я нават ня ведаю, як пагасіць крэдыт. Няма грошай. Ён у нас
працаваў паводле дамовы. Калі ён спатрэбіцца, будзем яго выклікаць і па факце
будзем аплачваць ягоную працу. Як спэцыяліст ён выдатны чалавек".
На Магілёўшчыне Ігар Трэшчаў стаў другім актывістам ініцыятыўнай групы Ўладзімера
Някляева, якога звольнілі з працы. Першым папоўніў шэрагі беспрацоўных актывіст
з райцэнтру Кіраўск Аляксандар Баран. Яго змусілі звольніцца з кацельнай
жыльлёва-камунальнай гаспадаркі райцэнтру.
Тым часам у рэгіёне працягваюць выклікаць людзей у КДБ. Ад 29 сьнежня вядомыя
больш за пятнаццаць фактаў іх допытаў. Дакладней вызначыць колькасьць дапытаных
праваабаронцам не ўдаецца:
"Спэцслужбы стараюцца дзейнічаць патаемна, каб ніхто, акрамя таго
чалавека, на якога гэты ціск чыніцца, ня ведаў пра гэта. Людзей запалохваюць.
Настройваюць іх, каб яны не давалі розгаласу, бо ў іх надалей нібыта могуць
быць нейкія праблемы. Такім чынам людзі трапляюць у непрыемнае становішча.
Такім фактам трэба абавязкова даваць розгалас — гэта адзіная зброя грамадзяніна
супраць ціску з боку спэцслужбаў", – зазначае магілёўскі праваабаронца Аляксей
Колчын.
Сёньня ў КДБ выкліканы кіраўнік абласной арганізацыі партыі БНФ Зьміцер Салаўёў.
У позьве пазначана — "для правядзеньня індывідуальнай прафіляктыкі"