Гомельскае КДБ працягвае ператрусы
У Гомелі супрацоўнікі мясцовай управы
КДБ вядуць ператрус у доме сябра БАЖ, старшыні моладзевай
культурніцка-краязнаўчай арганізацыі «Талака» Ларысы Шчыраковай. Паводле аднаго
з талакоўцаў, ператрус пачаўся а 15-й гадзіне. Гэбісты шукаюць фота-,
відэа- ды іншыя інфармацыйныя матэрыялы, зьвязаныя з падзеямі
ў Менску 19 сьнежня. Спадарыня Шчыракова, апрача падрыхтоўкі
відэасюжэтаў, зьбірала подпісы за вылучэньне кандыдатам у прэзыдэнты
Ўладзімера Някляева.
Ператрус гомельскія чэкісты правялі і ў кватэры рэгіянальнага
каардынатара стваранай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» Юрыя
Клімовіча, даверанай асобы Віталя Рымашэўскага. Дарэчы, спадар Клімовіч —
сын вядомага ў краіне вязьня сталінскага ГУЛАГу Рыгора Клімовіча, аўтара
кнігі «Конец ГОРЛАГА»
Ператрус у кватэры Клімовіча рабілі чацьвёра апэратыўнікаў разам
з капітанам Андрэем Мельнікавым. У спадара Клімовіча забралі
кампутар, розныя інфармацыйныя матэрыялы перадвыбарчай кампаніі Віталя
Рымашэўскага.
Юры Клімовіч нават тэарэтычна ня мог знаходзіцца 19 сьнежня
на плошчы Незалежнасьці ў Менску. Напярэдадні асноўнага галасаваньня
яго прэвэнтыўна затрымалі міліцыянты ў Гомелі нібыта за лаянку
й пасадзілі ў ізалятар часовага ўтрыманьня. А 20 сьнежня
судзьдзя Цэнтральнага суду Гомеля Марына Дамненка на падставе
сфальшаванага пратаколу пакарала актывіста арыштам на 15 сутак.
На волю Юры Клімовіч выйшаў толькі ўвечары 2 студзеня.