viasna on patreon

Выбары на Гарадзеншчыне: Рэгіянальны зрэз

2010 2010-12-30T19:55:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/garadzenskaja-voblasts.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Ход прэзідэнцкіх выбараў у Гарадзенскім рэгіёне быў адзначаны некалькімі выразнымі тэндэнцыямі, некаторымі прынцыпова новымі з’явамі. Умоўна кажучы, усю прэзідэнцкую кампанію можна падзяліць на дзве часткі: ліберальны рэжым і перыяд рэпрэсій і жорсткай “зачысткі” ўдзельнікаў выбарчага працэсу з дэмакратычнага боку (пачаўся ў апошні тыдзень кампаніі і працягваецца пасля дня выбараў 19 снежня).

Што датычыць выбарчых штабоў апазіцыйных кандыдатаў, то не ўсе яны былі сфармаваны на Гарадзеншчыне і дзейнічалі актыўна. Так, у абласным цэнтры актыўна працавалі рэгіянальныя штабы і ініцыятыўныя групы толькі 5 кандыдатаў у прэзідэнты: Андрэя Саннікава, Яраслава Раманчука, Уладзіміра Някляева, Рыгора Кастусёва, Віталя Рымашэўскага. За гэтых кандыдатаў у прэзідэнты ў Гародні арганізоўваліся і праводзіліся шматлікія пікеты – спачатку па зборы подпісаў, потым -- агітацыйныя. Штабоў іншых кандыдатаў у прэзідэнты па сутнасці ў рэгіёне не было, былі толькі асобныя сябры ініцыятыўных груп, якія збіралі подпісы. Выбарчага штабу Аляксандра Лукашэнкі ў абласным цэнтры як такога таксама не было, выбарчай працай за яго займаліся прадстаўнікі выканаўчай улады, кіраўнікі прадпрыемстваў і ўстаноў.

З дэмакратычных палітычных партый актыўнымі суб’ектамі выбарчага працэсу ў рэгіёне былі чатыры: прадстаўніцтвы Партыі БНФ, Партыі “Беларуская сацыял-дэмакратычная Грамада”, АГП, Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”.

Фармаванне тэрытарыяльных і ўчастковых камісій праходзіла абсалютна непразрыста, з выразнай дыскрымінацыяй вылучэнцаў ад дэмакратычных сілаў. Трэба адзначыць, што ніводная са скарг дэмакратычных партый не была задаволена ў судах, што выразна сведчыць пра залежнасць суда ад выканаўчай улады. Так, у працэсах у судах па абскарджванню неўключэння прадстаўнікоў дэмакратычных партый у склад участковых камісій суды Мастоўскага, Свіслацкага, Ленінскага і Кастрычніцкага раёнаў горада Гродна адхілілі ўсе скаргі абласной арганізацыі Партыі БСДГ. Усяго ж гэтая арганізацыя вылучала ва ўчастковыя камісіі 28 сваіх прадстаўнікоў (уключаны былі толькі 5). Ад гарадской Партыі БНФ вылучалася 18 прадстаўнікоў па горадзе Гродна – ніводны з іх не быў уключаны ў склад участковых камісій (скаргі ў Ленінскі суд г. Гродна былі адхілены), ад Партыі АГП з 35 чалавек – 2 (скаргі ў Ленінскі і Кастрычніцкі суд г. Гродна былі адхілены), ад БПЛ “Справядлівы свет” з 15 – 2 прыйшлі ў склад камісій.

На шматлікія заявы і скаргі ў тэрытарыяльныя выбарчыя камісіі і ЦВК дэмакратычныя прадстаўнікі, найперш Віктар Сазонаў і Раман Юргель, атрымалі фармальныя адпіскі. 

Што датычыць рэгіёнаў, то найбольш актыўна дэмакратычныя сілы працавалі ў горадзе Гродна, Астравецкім, Дзятлаўскім, Лідскім, Мастоўскім, Свіслацкім, Смаргонскім, Слонімскім раёнах. Слабейшая актыўнасць была выяўлена ў Бераставіцкім, Ваўкавыскім, Гарадзенскім, Наваградскім раёнах. У іншых раёнах вобласці: Ашмянскім, Воранаўскім, Зельвенскім, Івейскім, Карэліцкім, Шчучынскім дзеянні ўладаў былі бескантрольнымі.

На розных этапах выбарчай кампаніі назіралася дыскрымінацыя дэмакратычнай супольнасці. Гэта праяўлялася і ў псіхалагічным ціску, і ў неўключэнні прадстаўнікоў дэмакратычных партый і арганізацый у склад выбарчых камісій, а ў канцы кампаніі яе ўдзельнікі пачалі запалохвацца, збівацца невядомымі і арыштоўвацца.

“Першай ластаўкай” запалохвання было беспадстаўнае затрыманне міліцыянтамі 14 верасня актывіста Партыі БНФ Максіма Губарэвіча. У яго ператрэслі рэчы, але адпусцілі. Пазней пачалося масавае затрыманне незалежных журналістаў і ўдзельнікаў выбарчай кампаніі на розных памежных пераходах і пунктах: затрымліваліся і падвяргаліся дагляду наступныя асобы, звязаныя ці з асвятленнем выбарчай кампаніі, ці з назіраннем на выбарах, ці з працаў у выбарчых штабах: Ян Роман, Юрый Істомін, Віктар Сазонаў, Уладзімір Хільмановіч, Вадзім Саранчукоў, Яўген Скрабутан, Юрый Гумянюк, Мікола Баўсюк, Віталь Гуляк. Што характэрна, у іншых абласцях Беларусі такіх затрыманняў не было зафіксавана. У апошні тыдзень выбарчай кампаніі невядомымі былі збітыя актывісты кампаніі за Уладзіміра Някляева: у Азёрах (Гарадзенскі раён) – Кірыл Семянчук, у Гародні – Даніл Куклеў. Абодва напісалі адпаведныя заявы ў міліцыю, але гэта толькі ўзмацніла рэпрэсіі супраць іх. 18 снежня міліцыянтамі на чыгуначным вакзале быў затрыманы Кірыл Семянчук, які атрымаў 6 сутак адміністрацыйнага арышту, 19 снежня пры выхадзе з сваёй кватэры быў затрыманы Алег Калінкоў, давераная асоба Уладзіміра Някляева, які быў пакараны 3 суткамі адміністрацыйнага арышту. Увечары 18 снежня журналіст Уладзімір Хільмановіч атрымаў ананімны званок на мабільны тэлефон з пагрозамі хуткай расправы, а 20 снежня зраніцы на яго кватэру прыходзіў супрацоўнік Гродзенскага УКГБ, які цікавіўся, ці валодае ён інфармацыяй пра падзеі 19 снежня ў Мінску. Такія дзеянні невядомых і спецслужбаў адназначна можна расцэньваць як псіхалагічны ціск і запалохванне за прафесійную журналісцкую і праваабарончую дзейнасць.

Шэраг гарадзенцаў былі затрыманы на плошчы ў Мінску 19 снежня: Юрый Істомін, Дзмітрый Бандарчук, Даніл Куклеў, Ян Лялевіч, Надзея Крапівіна і іншыя. Усе яны атрымалі па 10-15 сутак адміністрацыйнага арышту. Затрыманы грамадскі актывіст з Ваўкавыску Віталь Гуляк быў засуджаны да штрафу ў 30 базавых велічынь.

Ужо пасля выбараў – 28-29 снежня УКДБ па Гарадзенскай вобласці выклікала ў сваю ўстанову для пратакольнага апытання тых, хто быў на плошчы ў Мінску 19 снежня. Былі апытаныя Аляксандра Васілевіч, Уладзімір Хільмановіч, Эдвард Дмухоўскі, Аляксей Салей.

Што датычыць медый, то дзяржаўныя газеты, тэлебачанне і радыё асвятлялі выбарчую кампанію надзвычай тэндэнцыйна і аднабакова. Паколькі незалежнай прэсы ў рэгіёне няма зусім, за выключэннем “Газеты Слонімскай”, то па сутнасці адзінай крыніцай праўдзівай інфармацыі ў гэты перыяд было Радыё Рацыя, якая транслюецца з тэрыторыі Беласточчыны. Менавіта адтуль людзі маглі атрымліваць аб’ектыўную і рознабаковую інфармацыю, датычную выбарчага працэсу. Дзяржаўныя рэгіянальныя газеты альбо замоўчвалі выбарчую кампанію (як “Гродзенская праўда”, “Перспектива”, дзе друкаваліся толькі кароткія афіцыйныя паведамленні), альбо асвятлялі яе па-дылетанцку, са шматлікімі памылкамі і дэзінфармацыямі (як “Вечерний Гродно”).

Незалежнымі назіральнікамі, грамадска-палітычнымі актывістамі, звычайнымі грамадзянамі ў рэгіёне былі зафіксаваныя шматлікія парушэнні выбарчага заканадаўства практычна на ўсіх этапах выбарчай кампаніі. Яны мелі два накірункі: першы – парушэнні падчас збору подпісаў, агітацыі за Аляксандра Лукашэнку, другі – дыскрымінацыя і пераслед давераных асобаў, сябраў ініцыятыўных і агітацыйных груп іншых кандыдатаў у прэзідэнты. Партыйным і незалежным назіральнікам зноў не дазволілі назіраць за падлікам галасоў, гэта зафіксавана ў шматлікіх актах парушэнняў падчас датэрміновага і асноўнага галасавання. Гаварыць пра роўнасць перад законам не даводзіцца. Па сутнасці, на Аляксандра Лукашэнку працавалі ўсе дзяржаўныя структуры – выканаўчая ўлада – “вертыкаль”, судовая ўлада, міліцыя, дзяржаўныя газеты і іншыя медыі. Пры гэтым сістэмна на ўсіх этапах парушалася выбарчае і іншае заканадаўства.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

 

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства