Таццяна Шамбалава 10 дзён трымала галадоўку
Давераная асоба Віталя Рымашэўская Таццяна Шамбалава 10 дзён трымала галадоўку пратэсту ў ізалятары часовага утрымання Мінскага раёна.
Актывістка была затрымана ў ноч з 19 на 20 снежня, пасля чаго асуджана на закрытым судовым працэсе, ды некалькі раз дапытаная паводле распачатай крымінальнай справы.
– З моманту затрымання абвесціла галадоўку і трымала яе да дня выхаду, у знак пратэсту супраць незаконнага затрымання, супраць антычалавечага ўтрымання ў прыёмніку-размеркавальніку на Акрэсціна, дзе нас трымалі цягам 12 гадзін на калідоры стоячы. Мы не мелі магчымасці нават прысесці, не тое, каб паспаць. Мы расцэньваем гэта, як катаванне. Супраць суду, які цягнуўся не болей за 2-3 хвіліны. Зразумела , які суд можна правесці за такі час, не кажучы пра іншыя моманты гэтага суду.
Па словах актывісткі, усе 10 дзён арышту яна правяла ў камеры з анамальна нізкай тэмпературай пры амаль поўнай адсутнасці асвятлення.
Адразу па вызваленні з ізалятара часовага ўтрымання Таццяна Шамбалава абскардзіла вырак праз суд вышэйшай інстанцыі, а таксама мае намер звярнуцца ў пракуратуру па факце нечалавечых умоў, у якіх знаходзіліся затрыманыя.