viasna on patreon

Рэгіянальны зрэз выбарчай кампаніі: МАГІЛЁЎШЧЫНА

2010 2010-12-23T19:28:05+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/magiliouskaja-vobl.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Фарміраванне выбарчых камісій

На Магілёўшчыне ў склад абласной выбарчай камісіі былі вылучаны тры прадстаўнікі дэмакратычных сілаў. Па выніках сумеснага паседжання Магілёўскага абласнога выканаўчага камітэта і Прэзідыума Магілёўскага абласнога Савета дэпутатаў у склад абласной выбарчай камісіі быў уключаны прадстаўнік ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Уладзімір Парфёнаў, астатнім вылучэнцам – праваабронцам Барысу Бухелю і Сяргею Фаміну - было адмоўлена. У склад раённых выбарчых камісій было вылучана 19 дэмакратаў, але ніхто з іх туды не патрапіў.

На Магілёўшчыне было створана 818 участковых выбарчых камісій, у тым ліку ў Магілёве - 153, у Бабруйску – 109. Дэмакраты Магілёўшчыны вылучылі ў склад гэтых камісій ад палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў 121 чалавека. Сярод арганізацый, якія вылучалі сваіх прадстаўнікоў, былі ГА БНФ “Адражэнне”, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, Аб’яднаная Грамадзянская партыя і ГА “Грамадзянскі Форум”. У склад гэтых камісій не здолеў патрапіць ні адзін прадстаўнік ад дэмакратаў. Абскарджанне ў судах неўключэння ў склад камісій прадстаўнікоў апазіцыі не дала ніякіх вынікаў.

Праваабронцы адзначаюць, што ў 20 з 26 раённых выбарчых камісій іх старшынямі з’яўляліся супрацоўнікі выканкамаў, а ў кіраўніцтве двух трацін камісій (17 з 26) яны мелі большасць. Таксама на сябе звяртае ўвагу той факт, што ў некаторых раённых выбарчых камісіях члены гэтых камісій заставаліся нязменнымі на працягу 10-15 гадоў.

Праваабаронцы таксама падкрэсліваюць той факт, што амаль усе ўчастковыя выбарчыя камісіі не былі максімальна ўкамплектаваны і можна было без праблем уключаць у іх склад прадстаўнікоў апазіцыі.

Таксама трэба адзначыць, што праваабаронцам упершыню ў гісторыі давялося патрапіць на сумесныя паседжанні кіраўніцтва Магілёўскага гарвыканкама і Прэзідыума гарадскога Савета дэпутатаў, а таксама кіраўніцтва Магілёўскага аблвыканкама і Прэзідыума абласнога Савета дэпутатаў па фарміраванні раённых камісій па выбарах.

Збор подпісаў

Збор подпісаў, як адзначылі магілёўскія праваабронцы, праходзіў без перашкод з боку дзеючай улады. У Магілёве быў вызначаны пералік месцаў, дзе забаранялася яго праводзіць, ва ўсіх астатніх месцах дазвалялася выстаўляць пікеты з мэтай збору подпісаў за таго  ці іншага кандыдата.

Першапачаткова было забаронена пікетаванне на аб’ектах чыгуначнага транспарту. Акрамя гэтага не дазвалялася пікетаванне на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў прадстаўнічых, выканаўчых і распарадчых органаў, судоў і органаў пракуратуры, тэрыторыях арганізацый, якія забяспечваюць абароназдольнасць, бяспеку дзяржавы і жыццядзейнасць насельніцтва. У гэты спіс патрапілі: грамадскі транспарт, прадпрыемствы вода,- цепла- і энэргазабеспячэння, бальніцы, паліклінікі, дзіцячыя дашкольныя ўстановы і агульнаадукацыйныя ўстановы, а таксама плошча Леніна і падземныя пераходы горада. Пазней гарвыканкам дазволіў збор подпісаў на плошчы Леніна і ў падземках горада.

Трэба адзначыць, што праваабронцам сталі вядомы факты, калі ўлада выкарыстоўвала адміністрацыйны рэсурс падчас збору подпісаў за кандыдата ў прэзідэнты Аляксандра Лукашэнку. Подпісы ў яго падтрымку збіраліся на розных дзяржаўных прадпрыемствах горада, а таксама ва ўніверсітэтах у працоўны і вучэбны час.

Па выніках збору подпісаў не ўсе раённыя выбарчыя камісіі давалі звесткі аб колькасці сабраных подпісаў у падтрымку таго ці іншага кандыдата ў прэзідэнты.

Паводле інфармацыі, атрыманай праваабаронцамі ад членаў Кастрычніцкай і Ленінскай раённых выбарчых камісій г.Магілёва, больш усяго подпісаў было сабрана за Аляксандра Лукашэнку – 30 582 подпісы. За ім ідуць Аляксей Міхалевіч з 24 196 подпісамі, Уладзімір Някляеў з 16 598 подпісамі, Рыгор Кастусёў з 16 545 подпісамі і замыкае пяцёрку лідэраў Яраслаў Раманчук, за якога сабрана 12 835 подпісаў. Члены ініцыятыўных груп прэтэндэнтаў на пасаду прэзідэнта сабралі: за Міколу Статкевіча 12 381 подпісы, Андрэя Саннікава – 8 981, Дзмітрыя Уса – 9 044, Віктара Цярэшчанку – 7 123, Віталя Рымашэўскага – 6 047 і Юрыя Глушакова - усяго 57 подпісаў.

Агітацыя

Магілёўскія газеты “Веснік Магілёва”, “Магілёўская праўда”, “Днепровская неделя” і “Магілёўскія ведамасці” ў сваіх публікацыях амаль не ўзгадвалі апанентаў дзеючаму прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку. Тое самае датычылася і аналізу кантэнту дзяржаўных сайтаў, на якіх узгадваўся толькі дзеючы прэзідэнт. Толькі набліжаючыся непасрэдна да дня выбараў, некаторыя з газетаў пачалі ўзгадваць прозвішчы кандыдатаў на прэзідэнцкае крэсла, а некаторыя з іх і даваць план высупу кандыдатаў па дзяржаўным  тэлебачанні і радыё.

Магілёўскія праваабронцы адзначалі, што дэмакратычныя кандыдаты ў прэзідэнты не мелі магчымасці на роўных весці агітацыю.

Па-першае, гэта звязана з тым, што вывешаныя імі плакаты і ўлёткі на інфармацыйных стэндах зрываліся кожны дзень. Па-другое, не ўсе дзяржаўныя арганізацыі, установы і прадпрыемствы пагаджаліся размяшчаць на сваіх інфармацыйных стэндах інфармацыю аб дэмакратычных кандыдатах. Адмову каментавалі тым, што яны ўжо вызначыліся з выбарам і іншым кандыдатам на іх стэндах не месца. Па-трэцяе, была абмежавана колькасць месцаў для вядзення агітацыі. Што датычыцца Магілёва, то ў Кастрычніцкім раёне горада першапачаткова існавала ўсяго 2 месцы для вядзення агітацыі, у Ленінскім - 3. Прычым некаторыя пляцоўкі для правядзення масавых мерапрыемстваў знаходзіліся ў аварыйным стане (2 з 5). Пазней колькасць месцаў для правядзення масавых мерапрыемстваў рашэннямі адміністрацый раёнаў была павялічына. Тым не менш, іх аказалася недастаткова. Сярод вызначыных месцаў толькі 3-4 былі адносна людныя – усе астатнія размяшчаліся на перыферыі горада. Праваабронцы адзначаюць, што пры вызначэнні месцаў для агітацыі чыноўнікі скарысталіся прынцыпам – дазволена толькі тое, што вызначына, у той жа самы час пры зборы подпісаў дзейнічаў іншы прынцып – дазволена ўсё, што не забаронена. Па-чацвёртае, яшчэ ні аднаму дэмакратычнаму кандыдату, альбо яго даверанай асобе, не дазволілі сустрэцца з працоўным калектывам таго ці іншага дзяржаўнага прадпрыемства, установы ці арганізацыі горада.

Сустрэчы з даверанымі асобамі Лукашэнкі праходзілі на розных прадпрыемствах і арганізацыях горада, патрапіць на якія дэмакраты так і не здолелі. Акрамя гэта старшыня аблвыканкама Пётр Руднік хаваў свае сустрэчы ад дэмакратаў, каб тыя не задавалі яму правакацыйных пытанняў.

 

Выбары

У Магілёўскай вобласці было зарэгістравана 3999 назіральнікаў. Больш усяго назіральнікаў вылучылі грамадскія аб’яднанні – 2494. Сярод іх 594 - ад грамадскага аб’яднання ветэранаў, 556 - ад Федэрацыі прафсаюзаў Беларусі, 555 – ад БРСМ і 426 - ад “Белай Русі”. Грамадзяне шляхам падачы заяваў вылучылі 1032 назіральнікі, працоўныя калектывы – 370. Акрамя гэтага, у вобласці працавала шэсць міжнародных назіральнікаў ад БДІПЧ АБСЕ.

Выбары азнаменаваліся тым, што на датэрміновае галасаванне людзей выганялі цэлымі інтэрнатамі, універсітэтамі і працоўнымі калектывамі. Жыльцоў адной з выпраўленчых установаў адкрытага тыпу пад канвоем прывозілі на ўчастак – выдавалі ім пашпарты для атрымання бюлетэняў і збіралі іх пасля таго, як “хімікі” выканалі свой грамадзянскі абавязак. Людзі ішлі на галасаванне пад пагрозамі – часам ім пагражалі пазбаўленнем месца ў інтэрнаце, растаржэннем працоўнага кантракту, адлічэннем з універсітэта за пропускі альбо акадэмічную непаспяваемасць.

Выбарчыя вурны ў Магілёве былі выключна драўлянымі і мелі шчыліны, у якія маглі без праблем пралезці бюлетэні. Акрамя гэтага днішчы вурн, якія былі выраблены такім чынам, што можна было без праблем адкрыць іх пры дапамозе стамескі ці адкруткі, не зрываючы пячатку, дадаткова не апячатваліся.

Большасць назіральнікаў адзначае, што члены выбарчых камісій не давалі звестак аб ходзе галасавання – колькасці прагаласаваўшых датэрмінова кожны дзень, агульнай колькасці прагаласаваўшых датэрмінова, прагаласаваўшых на даму, а таксама ў дзень выбараў.

Па надуманных прычынах былі выдалены з выбачых участкаў некалькі назіральнікаў. Некаторыя атрымалі афіцыйныя папярэджанні за сваю “цікаўнасць” і жаданне назіраць за рэальным падлікам галасоў.

У дзень галасавання назіральнікаў не падпускалі да сталоў, дзе адбываўся падлік бюлетэняў. Назіральнікі таксама не маглі бачыць таго, за каго ў кожным з бюлетэняў бла пастаўлена “галачка”.

На некаторых участках для галасавання (№51, 52) выніковыя пратаколы аб выніках галасавання не вывешваліся. Старшыні камісій спасылаліся на неабходнасць праверкі сапраўднасці звестак у аблвыканкаме, пасля чаго запэўнівалі, што вывесяць іх.

Адзін з членаў участковай камісіі, якая размешчана на адным з выбарчых участкаў сярэдняй школы №42, паведаміў праваабронцам што на яго ўчастку адбывалася ўкідванне бюлетэняў. Працэс адбываўся наступным чынам: адзін член камісіі трымаў паперку, якой неабходна было заклеіць вурну для галасавання, а другі ў гэты момант укідваў бюлетэні. Паралельна з гэтым яшчэ некалькі членаў камісіі ў гэты ж самы час размаўлялі з назіральнікамі, адцягваючы іх увагу ад вурны для галасавання.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства