viasna on patreon

Праваабаронцы звяртаюцца да Адміністрацыі прэзідэнта, МУС і КДБ

2010 2010-12-18T11:52:00+0200 1970-01-01T03:00:00+0300 be https://spring96.org/files/images/sources/mh600s.jpg Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА» Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»
Праваабарончы цэнтр «ВЯСНА»

Прадстаўнікі сямі праваабарончых арганізацый Беларусі адзінадушна падпісалі зварот у Адміністрацыю прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусі  і Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь, у якім заклікаюць не нагнятаць атмасферу страху ў грамадстве ў перыяд выбарчай кампаніі і не ўжываць гвалт у адносінах да мірных дэманстрантаў.

Адміністрацыя прэзідэнта Рэспублікі Беларусь

Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь

Камітэт дзяржаўнай бяспекі Рэспублікі Беларусь

З  В  А  Р  О  Т

19 снежня 2010 года ў Беларусі адбудуцца выбары прэзідэнта Рэспублікі Беларусь. Некаторыя кандыдаты ў прэзідэнты ў знак пратэсту супраць няроўных умоваў  правядзення выбарчай кампаніі, адсутнасці нармальнага дэмакратычнага выбарчага працэсу заклікалі грамадзянаў Беларусі ўзяць удзел у акцыі мірнага пратэсту на Кастрычніцкай плошчы г.Мінска 19 снежня ў 20 гадзінаў. 

У сваю чаргу з боку кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта У.Макея 11.12 у тэлеэфіры прагучалі звесткі, што заклікі альтэрнатыўных дзеючаму прэзідэнту кандыдатаў выйсці на плошчу будуць мець ледзь не тэрарыстычны характар: “ужо цяпер вядома, што яны не збiраюцца мiрным чынам праводзiць гэта мерапрыемства. Ужо закупляюцца цёплыя рэчы, рыхтуюцца пiратэхнiчныя i выбуховыя сродкi", — сказаў Уладзiмiр Макей.

Супярэчлівымі гучаць таксама выказванні прэзідэнта і адначасова кандыдата ў прэзідэнты Рэспублікі Беларусь А.Лукашэнкі, які, выступаючы 15 снежня на нарадзе па пытаннях прэзідэнцкай кампаніі і забеспячэнні грамадскай бяспекі ў гэты перыяд, з аднаго боку паведаміў, што “прэзідэнцкія выбары не павінны быць азмрочаныя якімісьці сутычкамі і сутыкненнямі”, з другога боку ў гэтай жа прамове заявіў пра “магчымыя правакацыі, якія могуць быць у гэты дзень, у тым ліку ў месцах масавага скаплення”.

Беларускія праваабаронцы заклікаюць выканаўчыя ўлады і сілавыя структуры краіны не нагнятаць атмасферу страху ў грамадстве ў перыяд выбарчай кампаніі і не ўжываць гвалт у адносінах да мірных дэманстрантаў. Права вольна выказваць сваю думку шляхам сходаў, мітынгаў, дэманстрацыяў гарантавана беларускім грамадзянам Канстытуцыяй краіны, а таксама міжнароднымі пагадненнямі, падпісанымі Беларуссю.

Мы ўпэўненыя, што ўладам варта сур’езна прааналізаваць прычыны такога незвычайнага і неардынарнага кроку з боку пяці (паловы!) кандыдатаў у прэзідэнты і неадкладна ўнесці дэмакратычныя змены ў выбарчае заканадаўства, якія зрабілі б выбарчы працэс больш справядлівым і празрыстым.  У прыватнасці, гарантаваць уваходжанне ў выбарчыя камісіі ўсіх узроўняў прадстаўнікоў апазіцыйных сіл. Правядзенне дэмакратычных і празрыстых выбараў дазволіла б зняць напружанне ў беларускім грамадстве і павялічыла б давер да ягоных вынікаў як з боку беларускіх грамадзянаў, так і з боку міжнароднай супольнасці.

Іна Кулей (Камітэт абароны рэпрэсаваных “Салідарнасьць”)

Гары Паганяйла (РПГА "Беларускі Хельсінкскі Камітэт")

Алесь Бяляцкі (Праваабарончы цэнтр “Вясна”)

Андрэй Скурко (РГА "Беларускі ПЭН-цэнтр")

Раіса Міхайлоўская (ГА “Цэнтр па правах чалавека”)

Барыс Звоскаў (Выпускнік Вышэйшага міжнароднага курсу па абароне правоў чалавека)

Людміла Гразнова (ГА “Праваабарончы Альянс”)

Апошнія навіны

Партнёрства

Сяброўства