Перашкоды ў дзейнасці назіральнікаў
Згодна з дадзенымі аналізу “Праваабаронцаў за свабодныя выбары”, падчас другога дня датэрміновага галасавання 10,5% назіральнікаў сутыкнуліся з рознага роду перашкодамі ў сваёй дзейнасці. Прыводзім некаторыя факты.
Брэст, Ленінскі р-н, участак для галасавання № 15
Старшыня камісіі ствараў перашкоды назіральніцы Вользе Маслоўскайя, якая хацела зрабіць здымкі пячаткі на скрыні для датэрміновага галасаваньня. Зрабіць гэта назіральніцы забаранілі і папярэдзілі, што рабіць нешта можна толькі з дазволу старшыні.
Гарадзенская вобл., г. Слонім, участак для галасавання № 26
Супрацоўнік міліцыі выдаліў з выбарчага ўчастка назіральніка Уладзіміра Літвіна падчас абедзеннага перапынку, а сам зачыніўся на выбарчым участку. Скрыню для галасавання перад гэтым апячаталі і змясцілі у пакойчыку, які спалучаецца з памяшканнем для галасавання.
Віцебская вобл, г. Орша, участак для галасавання № 14
Намеснік старшыні камісіі Азарава Элла Барысаўна пасля абеду не дапусціла ў памяшканне ўчастка назіральнікаў Малчанаву і Герасіменка, матывуючы тым, што не хапае месца (прыйшлі праўладныя назіральнікі).
Брэсцкая вобл., г.Баранавічы, участак для галасавання № 28
Старшыня камісіі Андрэй Капіца сварыўся на назіральніцу Таццяну Царук за тое, што яна падала скаргу ў пракуратуру аб вывазе з участка скрыні для датэрміновага галасавання 14 снежня пасля 19-00 у невядомым накірунку, адзначыўшы: куды хачу, туды і буду вывозіць. 15 снежня ў 19-00 на ўчастак прыбылі міжнародныя назіральнікі, і скрыню старшыня пакінуў на ўчастку, але пакой не апячатаны і без сігналізацыі.
Магілёўская вобл, г.Бабруйск, участак для галасавання №55
Не быў вывешаны пратакол з вынікамі галасавання. Назіральніку Людміле Каверынай не дазволілі назіраць, дзе заховаецца скрыня.
Мінск, Савецкі р-н, Мінск, участак для галасавання № 27
Старшыня какмісіі Раманчук Надзея Мікалаеўна забараніла назіральніку ад ГА "Цэнтар Супольнасьць" Андрэю Крэчку зрабіць фотакопію пратаколу.
Гомель, Чыгуначны р-н, участак для галасавання № 44
Старшыня камісіі Седляр У.А. дазволіў назіральнікам Шапавалаву, Казіміравай знаходзіцца заняць месцы, адкуль скрыня для галасавання знаходзіцца па-за полем іх зроку.
Мінская вобл, г. Жодзіна, участак для галасавання № 9
Старшыня камісіі Лобкіс А.С. не дазваляў назіральнікам Зубру і Альшэўскай назіраць працэс апячатвання сейфа і памяшкання для галасавання.
Мінск, Першамайскі р-н., участак для галасавання № 57
Старшыня камісіі не дазволіў назіральніку Шынкевічу С. сфатаграваць натоўп студэнтаў, пры паўторнай спробе -- выказаў пагрозу выдалення назіральніка з участку.
Магілёў, Ленінскі р-н, участак для галасавання № 60
Ад назіральнікаў хаваюцца дадзеныя пра сябраў камісіі і іншых назіральнікаў. Адмаўляецца ў праве азнаёміцца са спісам выбаршчыкаў на прадмет поўнага ўключэння ўсіх выбаршчыкаў у спісы.
Магілёў, Кастрычніцкі р-н, участак для галасавання №122
Назіральнікам адмовіліся прадставіць інфармацыю адносна дадзеных сяброў камісіі і назіральнікаў. Адмовіліся прадставіць дакументы ўчастковай камісіі для азнямлення.
Магілёў, Кастрычніцкі р-н, участак для галасавання № 123
Адмоўлена прадставіць для азнаямлення дакументы, з якімі працуе камісія, адмоўлена ў азнаямленні са спісамі выбаршчыкаў, спісамі сябраў камісіі і назіральнікаў. Старшыня камісіі пагражаў расправай назіральніку ад БХК Сямёнаву Генадзю Уладзіміравічу.
Магілёў, Ленінскі р-н, участак для галасавання № 66
Месцазнаходжанне назіральнікаў не дазваляла назіраць за дзеяннямі сяброў камісіі. Назіральнікам адмовілі ў праве азнаёміцца з дакументамі выбарчай камісіі і спісамі сяброў камісіі і назіральнікаў.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”